Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Кацярыны Ваданосавай застаецца ў Польшчы. Суд вынес прамежкавае рашэньне

абноўлена

Кацярына і Нэлі Ваданосавы.
Кацярына і Нэлі Ваданосавы.

Прызначаная на панядзелак 6 кастрычніка дэпартацыя Нэлі Ваданосавай з Польшчы ў Літву не адбудзецца. Маці музыкі і вядоўцы Кацярыны Ваданосавай хацелі адправіць у Літву праз тое, што яна ўехала ў Эўразьвяз па літоўскай візе, а падалася на міжнародную ахову ў Польшчы.

Юрыстка Ганна Маціеўская, якая займалася гэтай справай, паведаміла Свабодзе пра рашэньне Варшаўскага адміністрацыйнага суду і патлумачыла, што насамрэч адбылося.

Варшаўскі адміністрацыйны суд суд вынес рашэньне аб устрыманьні выкананьня рашэньня ў справе Нэлі Ваданосавай. Сама справа будзе разглядацца 28 кастрычніка, паведаміла Ганна Маціеўская.

«Абудзецца паседжаньне па Дублінскім рэглямэнце. Першая інстанцыя выдавала рашэньне — зачыніць справу аб ўцякацтве і накіраваць справу да Літвы. І памежная служба павінна была гэта выканаць, таму яны і прыйшлі да Кацярыны».

Ганна Маціеўская
Ганна Маціеўская

Юрыстка Ганна Маціеўская падкрэсьлівае, што ў польскай практыцы ёсьць асобныя рэчы, зьвязаныя з як абскарджваньнем судовага рашэньня, так і зьвязаныя з выкананьнем адміністрацыйнага рашэньня ў першай інстанцыі.

«Асобна абскарджваецца судовае рашэньне, асобна суд разглядае справу выкананьня. Тут польская памежная служба вызначыла даволі хуткі тэрмін — у аўторак яны прыйшлі да Кацярыны, а ў панядзелак ужо прызначылі выкананьне рашэньня, то бок цягам шасьці дзён»

Адвакатка тлумачыць, што сям'я падала заяву аб устрыманьні выкананьня рашэньня, толькі на той момант суд яе яшчэ не пасьпеў разглядзець. Маціеўская ўдакладняе юрыдычную тэрміналёгію.

«Гэта не дэпартацыя. Тое, што Кацярына так гэта сфармулявала, гэта нармалёва, таму што людзі не заўжды ведаць юрыдычныя фармулёўкі. Насамрэч гэта было выкананьне рашэньня па Дублінскаму рэглямэнту».

Паводле юрысткі, такія працэдуральныя рэчы могуць здарацца, але яна разумее, што гэта эмацыйна вельмі турбуе сям’ю, якая знаходзілася ў падвешаным стане. Ганна Маціеская лічыць добрай справай шырокі розгалас у гэтай праблеме.

«Я ўжо паўтары гады кажу пра „Дублін“, як ён кранае беларусаў. Мяне, канешне, крыху шкада, што гэтая тэма стала больш публічнай толькі тады, калі пачалі выходзіць палітвязьні, якіх прымусова дэпартавалі. Агулам гэтая тэма цяпер вельмі сурʼёзная для беларусаў. Я бачу, што беларускія палітыкі пачалі варушняк у гэтым пытаньні. Апошні год я ўздымала гэтую тэму разоў дзесяць. І яна сапраўды балючая для беларусаў. Я бачу, што існуе абсалютна інструмэнтальны падыход да гэтых справаў. То бок, ёсьць віза, едзь менавіта да Літвы. Не бяруцца пад увагу вельмі сурʼёзныя гуманітарныя прычыны. Маю спадзеў, што пры канцы кастрычніка будзе яшчэ адна пазытыўная справа разгляду па „Дубліне“. Бо ёсьць вынікі працы адваката».

Пытаемся ў юрысткі, ці зьвязанае рашэньне суду з шырокім розгаласам, які зьявіўся пасьля таго як Кацярына Ваданосава паведаміла публічна пра гэтую праблему. Ганна Маціеўская адказвае адмоўна.

«Не. Я вытлумачу чаму. Вырашае суд. Трэба было скантактавацца з судом. Тыя, хто ня меў дачыненьня да суду, па сутнасьці, не спрычыняюцца да гэтага пытаньня. Я ня супраць, што агулам гэтая тэма падсьвечваецца, гэта супэр, бо Кацярына — вядомая асоба. Калі мы кажам пра праблемы, то яны больш заўважальныя. Але ў сэнсе вырашэньня, гэта выключна вынік менавіта юрыдычнай працы. Усё вырашае выключна суд. Трэба таксама разумець, што на суд палітычныя структуры ня маюць уплыву, бо Польшча — дэмакратычная краіна».

Кацярына Ваданосава атрымала шмат рэакцый на свой допіс у сацыяльных сетках, у тым ліку дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай у праўных пытаньнях Леаніда Марозава, які заняўся гэтай справай і накіраваў лісты падтрымкі ў адпаведныя структуры.

Як паведаміў Свабодзе Марозаў, у адказ на ліст падтрымкі ад Офісу Сьвятланы Ціханоўскай памежная служба Польшчы паведаміла яму ў лісьце, што Нэлі Ваданосава «цяпер не зьяўляецца бокам ніводнага працэсу, які вядзе Памежная варта, пры гэтым рашэньні аб вызначэньні адказнай дзяржавы застаюцца ў выключнай кампэтэнцыі Кіраўніка Управы ў справах замежнікаў». Туды таксама быў накіраваны ліст падтрымкі ад Офісу кіраўніцы дэмакратычных сіл Беларусі.

Кацярына Ваданосава выказала падзяку ўсім на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

«Я хачу выказаць агромністую падзяку перадусім нашай цудоўнай адвакатцы Ганне Маціеўскай, а таксама Паўлу Латушку і ўсёй яго камандзе. Гэта тыя людзі, якія з самага пачатку, ужо год, занураныя ў нашую праблему, якія дапамагаюць, прыкладаюць неймаверныя высілкі і змагаюцца за тое, каб мая маці засталася з намі ў Польшчы.
Таксама я хачу выказаць шчырую падзяку ўсім, хто не застаўся абыякавым, хто дапамагаў нам, пачынаючы з 30 верасьня, з моманту, калі нам уручылі ліст аб дэпартацыі, і я дала розгалас справе. Я ніколі ня думала, што падобная хваля дапамогі ўвогуле магчымая. Ня ведаю, чым мы гэта заслужылі, але я не забудуся, я - вашая пакорлівая служка».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG