Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы за акцыю з паветранымі шарыкамі ў Маскве прысудзілі 12 гадоў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суд у Маскве прыгаварыў грамадзянку Ўкраіны Крысьціну Любашэнку да 12 гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўшы вінаватай у распаўсюджваньні так званых фэйкаў аб расейскай арміі і ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі.

Прысуд зьвязаны зь дзьвюма акцыямі ў траўні 2023 году. Любашэнка, па вэрсіі сьледзтва, спачатку паставіла на акно здымнай кватэры ў падмаскоўным горадзе Даўгапрудным калёнкі і гучна ўключыла запіс з антываеннай прамовай і гімнам Украіны (гэта кваліфікавалі як распаўсюджваньне фэйкаў), а затым на Варабʼёвых гарах у Маскве запусьціла паветраныя шарыкі з прывязаным да іх бела-сіне-белым сьцягам. Неўзабаве пасьля гэтага яе затрымалі. Запуск шарыкаў сьледзтва палічыла прыкметай удзелу ў тэрарыстычнай арганізацыі (бела-сіне-белы сьцяг, апроч іншага, зьяўляецца сымбалем прызнанага ўладамі РФ тэрарыстычным легіёна «Свабода Расеі»).

Любашэнка і яе адвакат расказалі на судзе, што акцыю яе прымусілі правесьці, спачатку паабяцаўшы грошы, а потым пагрозамі і шантажом.

Пасьля пачатку вайны Любашэнка зь сямʼёй выехала з Кіева ў Швайцарыю. Выпадковы знаёмы паабяцаў ёй грошай за паездку ў Маскву і запуск жоўта-сініх шарыкаў. Пасьля дадаліся і іншыя патрабаваньні, а калі Любашэнка адмовілася ўдзельнічаць у акцыі, ёй сталі пагражаць.

Паводле адваката, схіляў Любашэнку да арганізацыі акцыі і аплаціў яе паездку ў Расею нейкі Віталь Юрчанка, які «выдаваў сябе за ўцекача з Украіны». Па словах абаронцы, перапіска, падчас якой Юрчанка шантажаваў жанчыну лёсам яе дзяцей, ёсьць у матэрыялах справы. Адвакат таксама зьвярнула ўвагу на тое, што ў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія затрымалі Любашэнку, загадзя была інфармацыя аб падрыхтоўцы ёй акцыі з балёнікамі, хаця яна нікому пра яе не паведамляла.

Адвакатка прасіла суд закрыць справу праз адсутнасьць прыкмет складу злачынства. Пракурор жа настойваў на 15-гадовым тэрміне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG