Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволеную пэнсіянэрку Галіну Лагацкую асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі»


Галіна Лагацкая, архіўнае фота 2016 году
Галіна Лагацкая, архіўнае фота 2016 году

Перасьлед з палітычных матываў у Беларусі працягваецца.

Палітзьняволеную пэнсіянэрку Галіну Лагацкую асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі». Такі прысуд у судзе Кастрычніцкага раёну Менску вынесла судзьдзя Вольга Лаўрыновіч, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паводле судовых дакумэнтаў, абвінавачаньне 63-гадовай Галіне Лагацкай выставілі паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Іншыя падрабязнасьці суду над пэнсіянэркай праваабаронцам невядомыя.

Крыніца, якая ў мэтах бясьпекі прасіла не называць яе імя, расказала Свабодзе, што Галіну Лагацкую абвінавацілі ва ўдзеле ў маршы пэнсіянэраў 2020 году, але невядома, у якім дакладна.

Да суду пэнсіянэрку трымалі ў жодзінскай сьледчай турме № 8. Лісты ад яе даходзілі, на ўмовы асабліва не наракала, настрой перад судом быў нармальны.

  • Галіна Лагацкая — актывістка пэнсіянэрскага руху зь Менску, яна стала вядомай яшчэ ўдзелам у пратэставых акцыях «дармаедаў».
  • Яе неаднаразова затрымлівалі падчас вулічных акцыяў і каралі адміністрацыйнымі арыштамі з надуманых прычын. Так, напрыклад, у 2021 годзе Галіну Лагацкую затрымалі 9 траўня на плошчы Перамогі, дзе на ўскладаньні кветак быў Аляксандар Лукашэнка. Пэнсіянэрка пасьля арышту казала, што несла ў руках партрэт бацькі-вэтэрана, а сама зьбіралася перадаць Лукашэнку ліст са скаргай, але яе затрымалі і прысудзілі 20 дзён арышту за «хуліганства», нібыта яна «чаплялася да мінакоў».
  • Перадапошні раз Галіну Лагацкую затрымалі ў сакавіку 2022 году і зноў адправілі на 15 дзён пад арышт за ўлётку «Не — вайне», якую суд палічыў «недазволеным пікетаваньнем». Падчас таго арышту міліцыянты забралі ў Галіны Лагацкай мабільны тэлефон, які не аддавалі цягам больш як 2 гадоў.
  • На пачатку красавіка 2024 году Галіне Лагацкай пазванілі з упраўленьня міліцыі Кастрычніцкага раёну Менску і запрасілі ў міліцыю, нібыта каб вярнуць ёй мабільны тэлефон, але дадому актывістка не вярнулася.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG