Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: Беларусь можа даць Расеі сваю тэрыторыю для нападу на NATO


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Лідэрка дэмакратычных сіл Беларусі Сьвятлана Ціханоўская знаходзіцца зь візытам у Вашынгтоне, дзе сустракаецца з прадстаўнікамі амэрыканскай адміністрацыі, грамадзянскай супольнасьці, і возьме ўдзел у слуханьнях у Кангрэсе ЗША.

Падчас візыту Сьвятлана Ціханоўская наведала студыю Расейскай службы «Голасу Амэрыкі» ў Вашынгтоне і дала інтэрвію выданьню. Пераказваем у скароце адказы Ціханоўскай, інтэрвію цалкам можна пачытаць па спасылцы.

Камэнтуючы ўдзел Беларусі ў ядзерных вучэньнях, якія праводзіць Расея, Ціханоўская адразу падкрэсьліла, што «гэта не Беларусь прымае ўдзел, а рэжым Лукашэнкі супраць волі беларускага народу», і заявіла, што Лукашэнка «нясе поўную адказнасьць і за магчымае разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі, і за далучэньне да гэтых вучэньняў.

«Мы павінны разумець, што цяпер ідзе такі ядзерны шантаж, і гэтыя ўсе вучэньні, як па мне (і я вельмі спадзяюся, што я не памыляюся), гэта такога кшталту ІПСА [інфармацыйна-псыхалягічная апэрацыя. — Рэд.], каб трымаць у напружаньні краіны-суседкі, нашых дэмакратычных партнэраў, каб адцягнуць увагу ад дапамогі Ўкраіне, каб падзяліць заходні сьвет, даць адчуць стомленасьць ад пастаяннага чаканьня „будзе ці ня будзе“. Гэта значыць, вось усе гэтыя вучэньні накіраваныя на гэта», — сказала Ціханоўская.

Паводле Ціханоўскай, у такія моманты «у дэмакратычным сьвеце павінна быць адзінства, рашучасьць, зразумелая і пасьлядоўная палітыка супраць дыктатараў.

Што да мэтаў Лукашэнкі і ягонага рэжыму ў далучэньні да гэтых вучэньняў, паводле Ціханоўскай, «у Лукашэнкі зараз адна задача — гэта палітычна выжыць».

«У яго няма іншых партнэраў, акрамя як Расеі, акрамя як Пуціна. І таму з-за падтрымкі палітычнай і эканамічнай яму трэба паказваць ляяльнасьць, ён стаў саўдзельнікам гэтай вайны, і, вядома, яны зараз у адным зьвязку, у адной счэпцы. Гэта, вядома, такое сяброўства абсалютна ня шчырае, а сытуатыўнае. Яны патрэбныя адзін аднаму зараз. І таму Лукашэнка будзе далучацца да ўсіх нават самых жахлівых ініцыятываў з боку Расеі», — лічыць Ціханоўская.

На пытаньне, якая цяпер ёсьць імавернасьць таго, што Беларусь можа наўпрост уступіць у вайну супраць Украіны, Ціханоўская зноў падкрэсьліла розьніцу паміж Беларусьсю і Лукашэнкам, які «ўжо ёсьць саўдзельнікам вайны», але сказала, што ня можа сабе ўявіць, «што беларускія вайскоўцы далучацца да расейскага войска, бо няма ў нашай нацыі нейкіх антыўкраінскіх настрояў, няма ад слова „зусім“».

«З самага пачатку гэтага поўнамаштабнага ўварваньня было зразумела, што беларусы ня пойдуць ваяваць. Лукашэнка ведаў пра гэта. І таму, калі я на сваіх сустрэчах чую, што Лукашэнка ўжо не дазволіў беларускаму войску далучыцца, ну яны проста не разумеюць кантэксту», — сказала Ціханоўская.

Камэнтуючы эскаляцыю рыторыкі Пуціна і расейскіх чыноўнікаў, якія апошнім часам гавораць пра магчымае адкрытае супрацьстаяньні з NATO, і магчымую ролю Лукашэнкі ў гэтым супрацьстаяньні, Ціханоўская заявіла:

«Я думаю, што Лукашэнка пры неабходнасьці дасьць тэрыторыю Беларусі для нападаў, калі такое рашэньне будзе прынятае. І ён да канца будзе ляяльны Пуціну. І ад гэтага ўжо яго ня выратаваць».

У сувязі з гэтым Ціханоўская зноў падкрэсьліла неабходнасьць «выцягваць Беларусь з гэтай вайны», бо «безь беларускай тэрыторыі моцна падоўжыцца гэты шлях ад Расеі да краін NATO».

Таксама Ціханоўская адзначыла, што ў выпадку, калі Лукашэнка возьме ўдзел у магчымай эскаляцыі Расеі з NATO, беларусаў унутры краіны «адназначна накрывае жалезная заслона». Яна зноў заклікала захад «адрозьніваць рэжым Лукашэнкі і беларусаў», дапамагаць беларусам «ня страчваць кантакты з дэмакратычным сьветам» — даваць ім магчымасьць падарожнічаць, вучыцца, жыць і працаваць за мяжой, бо ў адваротным выпадку «спрацоўвае наратыў Лукашэнкі, які прапагандуе: вас там ніхто не чакае».

«Трэба ізаляваць рэжым і трэба дапамагаць беларусам адчуваць, што такое дэмакратыя, што такое свабода. Не замыкайце нас у клетцы з гэтым зьверам, у нас ужо мільёны закладнікаў у Беларусі», — сказала Ціханоўская.

Расказваючы пра свае замежныя візыты, у тым ліку ў ЗША, Ціханоўская адзначыла, што беларусы чакаюць ад Захаду «пасьлядоўнай падтрымкі» ў ізаляцыі рэжыму і дапамозе беларусам, а таксама згадала так званыя «прэзыдэнцкія выбары», якія пройдуць у Беларусі ў 2025 годзе.

«Гэта будзе прызначэньне Лукашэнкі самім Лукашэнкам — гэта будзе такі рытуал, але ён нічога агульнага з выбарамі ня мае. І мы хочам, каб нашыя партнэры працягвалі палітыку непрызнаньня рэжыму Лукашэнкі і, наадварот, прызналі б суб’ектнасьць беларускіх дэмакратычных сіл», — сказала яна.

На пытаньне, ці чакаць пратэстаў і актывізацыі грамадзтва ў Беларусі ў 2025 годзе, Ціханоўская адказала, што «калі сытуацыя застанецца такой жа, як цяпер, і будзе такі статус-кво», яна ня бачыць «ніводнай прычыны, навошта людзям выходзіць», бо гэтыя выбары нічога ня зьменяць у Беларусі.

«Гэта ня тое акно магчымасьцяў, пра якое мы ўвесь час гаворым. Гэта ня той трыгер, і ня трэба ахвяраваць людзьмі, каб у нас стала яшчэ больш палітычных вязьняў, — сказала Ціханоўская. — Але відавочна, што з боку дэмакратычных сілаў мы будзем праводзіць шырокую мэдыякампанію супраць гэтых „недавыбараў“ і размаўляць зь людзьмі ў Беларусі. То бок, нешта будзе».

Разам з тым, паводле Ціханоўскай, «відавочна, што рэжым баіцца людзей», бо думкі беларусаў за 4 гады «не зьмянілася», таму варта чакаць «папярэдніх зачыстак» і новай хвалі рэпрэсіяў перад выбарамі 2025 году ў Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG