Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапагандыст Маркаў — новы міністар інфармацыі. Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэньняў


Марат Маркаў, новы міністар інфармацыі Беларусі
Марат Маркаў, новы міністар інфармацыі Беларусі

13 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытаньні. Сярод іншага, ён прызначыў новых міністра інфармацыі і міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі, паведамляе БелТА.

Так, гендырэктара АНТ прапагандыста Марата Маркава ён прызначыў новым міністрам інфармацыі.

Марат Маркаў з 2017 году займаў пасаду гендырэктара дзяржаўнага тэлеканала АНТ. Былыя калегі апісваюць яго як «жорсткага і помсьлівага чалавека нарцысічнага характару». Таксама раней Маркаў працаваў у Адміністрацыі прэзыдэнта пад кіраўніцтвам Янчэўскага. Маркаў шырока вядомы сваімі відэагутаркамі з палітвязьнямі ў праграме «Нічога асабістага».

Былога намесьніка кіраўніка сваёй адміністрацыі, сябра Савету Рэспублікі Ігара Луцкага Лукашэнка прызначыў замест Маркава старшынём праўленьня АНТ («Другога нацыянальнага тэлеканалу»). Луцкі быў намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта з 2021 году, да гэтага год працаваў міністрам інфармацыі Беларусі. Менавіта пры ім Мінінфарм пачаў моцны ціск на недзяржаўныя СМІ і вэб-рэсурсы: сайты блякавалі, газэты пазбаўлялі магчымасьці друкавацца, выключалі з падпісных каталёгаў, журналістаў пазбаўлялі акрэдытацыі, затрымлівалі і саджалі.

Новым міністрам працы і сацыяльнай абароны стала Натальля Паўлючэнка. Раней яна займала пасаду першай намесьніцы міністра Ірыны Касьцевіч, якая стала нядаўна дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў.

Новым памочнікам Лукашэнкі — інспэктарам па Менскай вобласьці стаў Аляксандар Кохан, які дагэтуль займаў пасаду старшыні Петрыкаўскага райвыканкаму.

Ігар Бузоўскі, які да гэтага часу быў намесьнікам міністра інфармацыі, прызначаны рэктарам Акадэміі кіраваньня.

Новым амбасадарам Беларусі ў Кіргізстане стаў Сяргей Малуноў, а намесьнікам міністра прамысловасьці — Андрэй Кузьняцоў. Таксама Лукашэнка прызначыў шэраг старшыняў райвыканкамаў, намесьніка старшыні Менгарвыканкаму, кіраўнікоў адміністрацыі Цэнтральнага і Партызанскага раёнаў Менску і генэральных консулаў Беларусі ў Дубаі і Санкт-Пецярбургу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG