У кагосьці заканчваецца тэрмін дзеяньня дакумэнту, а недзе гэтага адкрыта патрабуе закон. З тых ці іншых прычынаў беларусы-кіроўцы мусяць замяняць свае беларускія правы на правы той краіны, у якой яны апынуліся. Свабода паразмаўляла зь беларусамі Польшчы, Літвы і Грузіі, якія падзяліліся досьведам вырашэньня гэтага пытаньня. А таксама паглядзела, колькі каштуе атрымаць дакумэнт кіроўцы ў розных краінах з нуля.
Польшча
Надзея і Дзьмітры пераехалі ў Кракаў у сярэдзіне мінулага году. Яны заняліся заменай беларускіх правоў пасьля атрыманьня дазволу на жыхарства па працы.
У Польшчы, паводле заканадаўства, замежныя правы трэба замяніць на мясцовыя, калі асоба знаходзіцца ў краіне больш за паўгода. Да таго ж Дзьмітры працуе ў таксі, а ў краіне цяпер уводзяць новы закон, паводле якога ўсе кіроўцы мусяць мець польскія правы.
Для замены правоў неабходна пацьвердзіць сапраўднасьць беларускага дакумэнту. Паводле закону, польскі кампэтэнтны орган можа зрабіць запыт у адпаведны орган у Беларусі. Але хутчэй будзе заняцца даведкай самастойна. Дзеля гэтага трэба або ехаць у Беларусь і браць яе з ДАІ, або зьвярнуцца ў беларускае консульства.
Важна ведаць, што беларусы, якія маюць у Польшчы статус міжнароднай аховы (статус уцекача, прытулак, дадатковую абарону або дазвол на жыхарства з гуманітарных меркаваньняў або дазвол на талерантнае знаходжаньне), могуць не зьвяртацца ў консульства па даведку аб сапраўднасьці правоў.
«Мы не хацелі ехаць у Беларусь, бо абое шмат працуем. Таму з сайту консульства мы спампавалі, раздрукавалі і падпісалі заяву. Пасьля аплацілі консульскі збор у банку (па 50 эўра за асобу) і ўзялі квітанцыю. Далей трэба было зрабіць копію правоў з двух бакоў і копіі пашпартоў і ўсё адаслаць па пошце з паведамленьнем, што ліст дастаўлены. Таксама мы набылі дзьве капэрты, бо амбасада ня траціцца». Іх трэба запоўніць са зваротным адрасам і маркамі, каб яны ў ім нам адаслалі дакумэнты«, — тлумачыць Надзея.
Пара чакала адказу паўтара месяца. Іншыя беларусы іх супакойвалі. Маўляў, цяпер вялікі попыт, таму столькі часу ўсё займае. Таксама яны адзначаюць, што калі няма ўсіх дакумэнтаў, то ўлады могуць праігнараваць запыт. Некаторыя беларусы мусілі паўторна дасылаць пакет дакумэнтаў, але, напрыклад, ужо з копіяй прапіскі. Справа ў тым, што на сайце консульства пра гэта нічога не напісана. Але беларусы кажуць, што гэта можа быць прычынай спыненьня працэдуры.
Надзея і Дзіма не дадавалі ксэракопіі прапіскі, але атрымалі доўгачаканы адказ. Паводле беларусаў, лепш атрымаць такую даведку праз консульства, чым непасрэдна ў беларускім ДАІ, таму што яна выдаецца адразу на польскай мове і яе форма ўзгодненая з польскімі ўправамі, якія прымаюць дакумэнт. Арыгінальную даведку прыйшлося б натарыяльна перакладаць, і беларусы пісалі, што ў некаторых управах іх не прымалі.
Наступныя крокі былі прасьцейшыя. Надзея і Дзьмітры зьвярнуліся ў мясцовую ўправу (гэта можа быць Urząd Miasta / Dzielnicy / Gminy), дзе да даведкі з консульства дадалі ксэракопіі дзейных правоў з завераным перакладам, ксэракопіі пашпартоў і дазволаў на жыхарства, фатаздымкі для дакумэнтаў. Іншыя заявы можна запоўніць на месцы. Там жа можна і аплаціць паслугу — 100,50 злотага (23 эўра).
«Палякі ў гэтым сэнсе вельмі спагадлівыя, дапамагаюць, калі нешта незразумела. Калі няправільна запоўніў, усё можна зьмяніць. Груба кажучы, у Беларусі ўсе баяцца зрабіць памылкі, а ў Польшчы можна не баяцца, бо яны паправяць. Тут сыстэма працуе інакш: яна робіць усё, каб ты атрымаў гэта», — кажа Дзьмітры.
Цяпер сям’я чакае польскія правы. Працэс празь вялікі наплыў ахвотнікаў можа заняць да двух месяцаў (звычайна да 30 дзён. — РС).
Калі ж у вас няма правоў кіроўцы і вы хочаце іх атрымаць з нуля ў Польшчы, то гэта будзе каштаваць каля 4000 злотых (920 эўра. — РС). У кошт уключаныя доктар для мэдагляду, заняткі, падручнікі, унутраныя іспыты. Усё залежыць ад аўташколы: некаторыя могуць каштаваць таней, але тады давядзецца самастойна пайсьці да лекара. Гэта каштуе ад 200 злотых (46 эўра). Дзяржаўныя іспыты каштуюць 50 злотых за тэорыю і 200 за практыку (11 і 46 эўра).
Літва
Беларуска Нэлі жыве ў Вільні ўжо тры з паловай гады, але толькі цяпер вырашыла замяніць беларускія правы кіроўцы на літоўскія. У адрозьненьне ад Польшчы, у Літве трэба здаваць іспыты з тэорыі і практыкі кіраваньня, нават калі ты ўжо маеш дзейнае беларускае пасьведчаньне.
Зарэгістравацца на іспыты можна праз інтэрнэт на сайце Regitra. Гэта асобная ўстанова, якая прымае іспыты. Асабіста неабходна прынесьці толькі сэртыфікат аб курсах першай мэдыцынскай дапамогі і пераклад беларускіх правоў падчас здачы тэорыі. Ён можа ня быць завераным у натарыюса. Нэлі заплаціла за яго 7 эўра. Мэдыцынская даведка каштуе 20 эўра.
«Я проста схадзіла ў сваю паліклініку, дактары самі запрасілі дадзеныя ад нарколяга і псыхіятра. Адправіла электронны ліст і, так разумею, яны спраўдзілі па гісторыі, што ўсё добра. Правяраюць зрок і яшчэ нешта. Выдаецца даведка ў электронным выглядзе, яна дадаецца да электроннага профілю», — расказвае Нэлі.
Пасьля трэба прайсьці курс па першай дапамозе і атрымаць сэртыфікат.
«Іх шмат у інтэрнэце. Некаторыя можна прайсьці онлайн і на месцы паказаць, што ты прайшла курс. Я проста яго паслухала і ніякага тэсту не здавала. Рабіла бясплатна, таму што ёсьць такая магчымасьць для ўцекачоў», — кажа суразмоўца.
Пасьля гэтага ў «Рэгітры» можна запісацца на здачу тэорыі. Нэлі рыхтавалася па падручніку па ПДР на расейскай мове, а таксама праходзіла тэсты на адмысловых сайтах. Яны каштуюць 7 эўра за тыдзень.
«Ёсьць некаторыя адрозьненьні тэорыі зь беларускай. Першае, што прыходзіць у галаву — тое, што пры руху назад трэба ўключаць паваротнікі, а не аварыйную сыгналізацыю. І калі, напрыклад, мы хочам паварочваць налева, то можна ў любую дазволеную паласу. А не як у Беларусі, толькі ў крайнюю», — расказвае дзяўчына.
Тэарэтычны экзамэн каштуе 10 эўра, яго можна здаваць па-расейску. Нэлі здала тэорыю зь першага разу, але кажа, што шмат у каго так не атрымліваецца.
«У большасьці выпадкаў людзі проста ці памыліліся, перахваляваліся, або недастаткова падрыхтаваліся. Сказаць, што там было нешта незразумелае ці звышцяжкае, не магу», — адзначае Нэлі.
За практычны іспыт трэба заплаціць 41,26 эўра. На яго можна запісацца хутка, але ў выпадку зь пераздачай ня ўсе даты будуць даступныя. У Нэлі не атрымалася здаць «практыку» зь першай спробы.
«Гэта была проста мая нэрвовасьць і занадта вялікія стараньні быць „добрай вучаніцай“. Ёсьць чацік, у якім пішуць людзі, якія пераздаюць. І потым здаецца, што гэта так жудасна, складана. Што нібыта даюць нейкія незразумелыя заданьні. Насамрэч, калі я праехала, то, нягледзячы на тое, што я не здала, выйшла з добрым настроем. Таму што зразумела, што ўсе проста. З табой ветліва размаўляюць, і няма сэнсу хвалявацца», — кажа дзяўчына.
Практычны іспыт па кіраваньні аўтамабілем у Літве таксама можна здаваць па-расейску (у Польшчы такой магчымасьці няма. — РС), але на яго тады трэба прыходзіць зь перакладчыкам. Паводле Нэлі, можна папрасіць знаёмых або наняць кагосьці. Цэны за такую паслугу — 30-40 эўра. Ня ўсе інспэктары ў «Рэгітры» ведаюць расейскую мову. Калі ж экзамэнатар размаўляе па-расейску і яму нармальна, то ён адпускае перакладчыка. Таксама можна загадзя папрактыкавацца. Адзін занятак з інструктарам каштуе 40 эўра. Некаторыя езьдзяць і самі, бо ў інтэрнэце можна знайсьці мапу маршрутаў «Рэгітры».
Яшчэ Нэлі адзначыла, што калі беларусы маюць у правах некалькі катэгорый і хочуць іх захаваць, то на кожную трэба здаваць асобны іспыт.
«Ня ўсе хочуць гэта рабіць. Таму некаторыя запісваюцца ў аўташколу на катэгорыю В. Ёсьць школы, якія пішуць, што вы хадзілі на заняткі, бо ў вас ужо ёсьць правы, і ня трэба плаціць поўны кошт. Вы праходзіце іспыт на катэгорыю В быццам нанова. Тады на руках застаюцца і беларускія правы з катэгорыямі, і літоўскія з катэгорыяй В, на якую здалі», — дзеліцца Нэлі.
Звычайна цана аўташколы ў Літве — паміж 400 і 600 эўра.
Грузія
Каб памяняць беларускія правы кіроўцы ў Грузіі, спатрэбіцца падобны набор дакумэнтаў, як у Польшчы, але сама працэдура пройдзе нашмат хутчэй.
У набор уваходзяць:
- Даведка аб наяўнасьці правоў зь Беларусі, якую выдае ДАІ, а да яе — натарыяльны пераклад (як і ў выпадку з Польшчай, можна зьвярнуцца ў беларускае консульства).
- Дзейныя беларускія правы з натарыяльным перакладам,
- Пашпарт з натарыяльным перакладам.
- Мэдыцынская даведка зь мясцовай клінікі (форма IV-100/а).
- 15 лары (4,8 эўра) для аплаты ў сэрвісным цэнтры МУС.
Яўген замяніў беларускія правы кіроўцы на грузінскія ў канцы мінулага году, бо заканчваўся іх тэрмін дзеяньня. Даведку на радзіме выдалі без пытаньняў па грузінскай даверанасьці, іншыя дакумэнты зрабіў на месцы.
«Ведаю што з гэтай даведкай ёсьць нейкая прававая ці пазаправавая калізія. Некаторым выдаюць без праблем, ад некаторых патрабуюць апастыль на грузінскай даверанасьці», — расказаў Яўген.
Беларуска Алена таксама замяніла правы кіроўцы каля году таму па даверанасьці. Яна сказала, што выдача даведкі ў ДАІ каштавала каля 15 рублёў. Пасьля гэты дакумэнт яна пераклала на грузінскую мову і натарыяльна заверыла, гэта каштавала 33 лары (10 эўра). Столькі ж каштавалі пераклады пашпарта і правоў.
За мэдыцынскую даведку Алена заплаціла 40 лары (13 эўра). Паводле дзяўчыны, зрабіць яе можна за пару хвілінаў, бо правяраюць толькі зрок і пытаюцца, ці нічога не турбуе. З сабою трэба мець пашпарт з завераным перакладам.
З сабранымі дакумэнтамі трэба ісьці ў любое аддзяленьне сэрвіснага агенцтва Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі. Там зробяць фатаздымак. А празь некалькі хвілін выдадуць новыя грузінскія правы на 15 гадоў.
Алена адзначае, што трэба быць уважлівымі да даведкі зь Беларусі, каб яны была на афіцыйным блянку зь пячаткай. Да яе могуць прычапіцца грузінскія службы і не прыняць.
Таксама важна, каб пашпартныя зьвесткі супадалі ва ўсіх перакладах на грузінскую мову, бо некаторыя перакладчыкі могуць даведку перакласьці з расейскай, а пашпарт з лацініцы.
Некаторыя беларусы атрымліваюць грузінскія правы кіроўцы ў нуля. Для гэтага не абавязкова мець дазвол на жыхарства ў краіне. Не абавязковая і аўташкола. Калі чалавек ведае правілы і ўмее кіраваць, то можа адразу запісацца на іспыты. У адваротным выпадку можна пайсьці на заняткі. У Тбілісі тэорыя можа каштаваць ад 100 лары (32 эўра), а практыка па 40 лары (13 эўра) за адну гадзіну. Самастойна падрыхтавацца да тэсту можна на адпаведным сайце тут.
Сам працэс здачы іспытаў цягнецца каля месяца, калі ўсё будзе зроблена зь першай спробы). Тэорыя, пляцоўка і горад будуць каштаваць ад 130 лары (42 эўра).
Форум