Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За год уцекачоў у сьвеце стала больш на 7%. ААН заявіла пра рэзкі рост колькасьці вымушаных перасяленцаў


Ілюстрацыйнае фота. Уцекачы з Украіны едуць у Нарвэгію, горад Дніпро, люты 2024
Ілюстрацыйнае фота. Уцекачы з Украіны едуць у Нарвэгію, горад Дніпро, люты 2024

У траўні 2024 году з прычыны войнаў, канфліктаў, гвалту і перасьледу ў сьвеце было вымушана перамешчана больш людзей, чым калі-небудзь раней, паведамляе Ўпраўленьне ААН у справах уцекачоў у новай справаздачы ад 13 чэрвеня.

У траўні 120 мільёнаў чалавек ва ўсім сьвеце былі вымушана перамешчаныя (гаворка пра ўцекачоў, шукальнікаў прытулку, унутрана перамешчаных асобаў), што амаль на 10% больш, чым у траўні 2023 году, і складае прыкладна 1,5% усяго насельніцтва сьвету, адзначае УВКБ ААН.

«Рост агульнай колькасьці вымушаных перасяленцаў — да 120 мільёнаў у траўні 2024 году — стаў 12-м запар штогадовым ростам і адлюстроўвае як новыя канфлікты, так і няздольнасьць вырашыць даўнія крызісы. Гэтая лічба робіць глябальна перамешчанае насельніцтва эквівалентным 12-й па велічыні краіне сьвету, памерам прыкладна зь Японію», — заявілі ў агенцтве ААН.

Паводле ведамства, больш за дзьве траціны перасяленцаў, вымушаных пакінуць свае дамы, ратуючыся ад узброеных канфліктаў, гвалту, парушэньня правоў чалавека ці прыродных катастрофаў, застаюцца на тэрыторыі сваёй краіны. Дзьве траціны ўцекачоў за мяжу застаюцца ў суседніх краінах, часта ў складаных умовах, у надзеі хутка вярнуцца на радзіму, гаворыцца ў справаздачы.

Паводле зьвестак УВКБ ААН, за год колькасьць уцекачоў у сьвеце вырасла на 7% і дасягнула 43,4 мільёна чалавек. У параўнаньні зь дзесяцігодзьдзем таму агульная колькасьць уцекачоў у сьвеце вырасла больш як утрая.

«Найбольшая доля ўцекачоў ва ўсім сьвеце прыпадае на выхадцаў з Афганістану і Сырыі — па 6,4 мільёна ў кожнай, што разам эквівалентна траціне ўсіх уцекачоў пад мандатам УВКБ ААН. Далей ідуць Вэнэсуэла (6,1 млн уцекачоў і іншых людзей, якія маюць патрэбу ў міжнароднай абароне) і Ўкраіна (6 мільёнаў уцекачоў)», — гаворыцца ў справаздачы.

У справаздачы адзначаецца, што ў 2023 годзе амаль 1,1 мільёна ўцекачоў з 39 краін вырашылі вярнуцца дадому з 93 краінаў, дзе яны знайшлі прытулак. 4 з 5 тых, хто вярнуўся, былі ўкраінцамі ці паўднёвасуданцамі.

«Аднак, паколькі большасьць вяртаньняў адбывалася ва ўмовах, якія не зусім спрыялі вяртаньню ў бясьпецы і годнасьці, яны могуць быць нясталымі», — адзначаюць аўтары справаздачы.

Акрамя таго, за 2023 год 5,1 мільёна чалавек, перамешчаных у межах сваёй краіны, вярнуліся ў месцы свайго паходжаньня, зь іх амаль 62% — жыхары Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (1,8 мільёна) і Ўкраіны (1,3 мільёна).

Паводле справаздачы, ключавым фактарам, які абумовіў рост колькасьці вымушаных перасяленцаў, стаў разбуральны канфлікт у Судане: да канца 2023 году 10,8 мільёна суданцаў заставаліся перамешчанымі. Таксама ўнутранымі перасяленцамі з прычыны баявых дзеяньняў летась былі мільёны жыхароў Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і М’янмы. Да канца 2023 году да 1,7 мільёна чалавек (75% насельніцтва) былі перамешчаныя ў Сэктары Газа, большасьць зь іх — палестынскія ўцекачы. Найбуйнейшы ў сьвеце крызіс зь перасяленцамі захоўваецца ў Сырыі: 13,8 мільёна вымушана перамешчаныя ў краіне і за яе межамі, гаворыцца ў справаздачы.

Зьвестак аб колькасьці вымушаных перасяленцаў зь Беларусі ААН не прыводзіць.

Паводле розных ацэнак, з 2020 году ў сувязі з палітычным перасьледам Беларусь вымушана пакінулі ад 350 тысяч чалавек (паводле афіцыйнай ацэнкі намесьнікі міністра МУС Мікалая Карпянкова на верасень 2023 году) да 500-600 тысяч чалавек (паводле падлікаў незалежнага сацыёляга, экс-дырэктара Інстытуту сацыялёгіі НАН Генадзя Коршунава, які абапіраўся на даступныя статыстычныя зьвесткі).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG