Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гонар і слава героям!» Польшча ўшанавала памяць салдата, які загінуў ад нажавога нападу мігранта на мяжы зь Беларусьсю


Фатаграфія Матэвуша Сітка, польскага салдата, сьмяротна параненага мігрантам на польска-беларускай мяжы, сярод сьвечак на імправізаваным мэмарыяле перад вайсковым шпіталем у Варшаве, 7 чэрвеня 2024 году
Фатаграфія Матэвуша Сітка, польскага салдата, сьмяротна параненага мігрантам на польска-беларускай мяжы, сярод сьвечак на імправізаваным мэмарыяле перад вайсковым шпіталем у Варшаве, 7 чэрвеня 2024 году

Па ўсёй Польшчы апоўдні загучалі сырэны ў знак памяці аб вайскоўцу Матэвушу Сітэку, які загінуў на 22-м годзе жыцьця.

Раніцай 28 траўня на польскага вайскоўца Матэвуша Сітэка з нажом на палцы напаў мігрант, які спрабаваў у складзе вялікай групы незаконна перасячы мяжу з боку Беларусі. Сітэка шпіталізавалі, ён упаў у кому і пазьней, нягледзячы на намаганьні лекараў, памёр. Яму быў 21 год.

12 чэрвеня вайскоўца пахавалі падчас прыватнай цырымоніі. Урачыстае разьвітаньне зь ім праходзіла ў вёсцы Новы Любель Мазавецкага ваяводзтва, у касьцёле Сьвятой Ганны.

Па ўсёй Польшчы а 12 гадзіне ў знак памяці аб загінулым жаўнеру загучалі сырэны.

Таксама хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць маладога салдата ў польскім парлямэнце. Некаторыя дэпутаты потым скандавалі: «Гонар і слава героям!»

Раней стала вядома, што Матэвуша Сітэка рашэньнем міністра абароны Польшчы Ўладыслава Касіняка-Камыша пасьмяротна павысілі ў званьні да старшага сяржанта, а таксама ўзнагародзілі залатым мэдалём «За заслугі ў абароне краіны».

Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку.

Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар у грудзі нажом, прывязаным да палкі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Што вядома пра забітага на мяжы зь Беларусьсю польскага жаўнера

  • Матэвуш Сітэк быў родам зь вёскі Плевіца Мазавецкага ваяводзтва. У 2020–2022 гадах вучыўся ў вайсковай клясе 3-й сярэдняй школы Мікалая Каперніка ў Вышкаве.
  • Вучнем ён неаднаразова ўдзельнічаў у патрыятычных і дабрачынных акцыях.
  • Першапачаткова Сітэк служыў у шэрагах Сіл тэрытарыяльнай абароны Польшчы. У 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгадзе служыў да 18 сьнежня 2023 году.
  • Адразу пасьля завяршэньня навучаньня яго накіравалі на патруляваньне польска-беларускай мяжы з прычыны міграцыйнага крызісу, які там працягваецца з 2021 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG