Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія адвакаты зладзілі акцыю салідарнасьці з палітзьняволеным адвакатам Максімам Знакам


Старшыня Рады адвакатаў Літвы Міндаўгас Кукайціс (справа) падчас акцыі ў Вільні. 11 чэрвеня 2024 году
Старшыня Рады адвакатаў Літвы Міндаўгас Кукайціс (справа) падчас акцыі ў Вільні. 11 чэрвеня 2024 году

11 чэрвеня ў Вільні, насупраць амбасады Беларусі ў Літве, адвакатура Літвы правяла акцыю салідарнасьці з палітзьняволеным беларускім адвакатам Максімам Знакам.

Акцыю арганізавала Рада адвакатаў Літвы, у ёй узялі ўдзел беларускія адвакаты і актывісты, паведамляе «Вясна».

Адвакат Яўген Пыльчанка, які бараніў Максіма Знака, за што пазбавіўся ліцэнзіі і быў вымушаны пакінуць краіну, распавёў пра дзейнасьць Максіма ў выбарчай кампаніі 2020 году і пра ягоны перасьлед.

«Ён яскрава паказаў, як мусіць паводзіць сябе адвакат, каб адпавядаць зьместу, мэтам і пакліканьням прафэсіі», — сказаў Яўген Пыльчанка.

Як адзначыў адвакат, нават пасьля прысуду ціск на Максіма Знака не спыніўся. Зь лютага 2023 году зь ім страчаная ўсялякая сувязь, ужо 16 месяцаў ніхто з блізкіх Максіма ня ведае, што зь ім. Такім чынам, дзяржава пазбаўляе яго нават мінімальных правоў, якія мусіць мець кожны асуджаны.

Старшыня Рады адвакатаў Літвы Міндаўгас Кукайціс падкрэсьліў, што акцыя ня носіць палітычны характар: «Мы не пра палітыку, а пра права, справядлівасьць і гуманізм; гэта наш крык прафэсійнай салідарнасьці». Міндаўгас заявіў, што ўтрыманьне Максіма Знака бяз сувязі са зьнешнім сьветам прыраўноўваецца да катаваньняў, і акцыю праводзяць, каб сказаць пра гэта гучна.

У сваім выступе Кукайціс падкрэсьліў, што прафэсія адваката патрэбная людзям да таго часу, калі чалавеку патрэбна бараніць свае правы.

«А сёньня мы сабраліся тут, каб бараніць самога адваката. Мы тут, бо так кажуць нашыя сэрцы, мы тут, каб гучна сказаць пра канкрэтнага чалавека, каб сказаць пра катаваньні, якія ў дачыненьні да яго выкарыстоўваюцца, пра сытуацыю з інкамунікада, у якой знаходзіцца вязень сумленьня», — сказаў Міндаўгас Кукайціс.

Удзельнікі акцыі нагадалі, што Максім Знак — ня толькі адвакат і правазнаўца, але і творчы чалавек, паэт і музыка. Беларуская паэтка Сабіна Брыло расказала пра дзьве ягоныя кнігі, выдадзеныя падчас знаходжаньня Максіма ў няволі, і прачытала адзін зь ягоных вершаў.

На завяршэньне акцыі адбылася прэм’ера песьні на верш Максіма Знака «Бульба», перакладзены на літоўскую мову. Музыку для яе таксама напісаў Максім. Песьня прагучала ў выкананьні літоўскага барда і актора Гедраса Арбачаўскаса.

Акцыя праходзіла на фоне пляката з заклікам спыніць катаваньне Максіма Знака. Плякат застаўся вісець на сьцяне жылога дома насупраць беларускай амбасады, распавёў Свабодзе актывіст Ільля Міронаў.

  • Максім Знак — адвакат, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады і яе прэзыдыюму. 6 верасьня 2021 году Менскім абласным судом прызнаны вінаватым «у змове, зьдзейсьненай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэньні і кіраваньні экстрэмісцкім фармаваньнем, а таксама ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады і іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту».
  • Атрымаў 10 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
  • У зьняволеньні Максім Знак напісаў ужо тры кнігі. Ягоная кніга «Зэкамэрон» стала адным зь пераможцаў беларускай літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес», а пераклад яе на ангельскую трапіў у лік 15 кніг, уганараваных прэміяй Ангельскага ПЭНу PEN Translates за найлепшы пераклад году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG