Польскі літаратуразнаўца Анджэй Раманоўскі ў пэрсанальнай рубрыцы ў тыднёвіку Przegląd апублікаваў эсэ «Алесь Бяляцкі».
Аўтар піша, што калі б палякаў спыталі, колькі ў Беларусі ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, большасьць, хутчэй за ўсё, назвала б Сьвятлану Алексіевіч. Але ж у 2022 годзе беларус атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру, гэта Алесь Бяляцкі.
«Ён быў не адзіны: разам зь ім Нобэлеўскую прэмію міру атрымалі расейскае аб’яднаньне „Мэмарыял“ і ўкраінскі Цэнтар грамадзянскіх свабод. Верагодна, таму гэтая падзея згладзілася з памяці, а расейска-ўкраінская вайна, якая працягваецца, адцягнула ўвагу ад Беларусі. Але ці павінна так быць?
Бяляцкі сядзіць у турме, атрымаў 10 гадоў зьняволеньня. У падобнай сытуацыі не адзін ён: па ўсёй Беларусі тысячы палітвязьняў. У гэтым трагедыя. З таго часу, як да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка, я гляджу на Беларусь з усё большай роспаччу. Бо для мяне гэта зямля свабоды».
Аўтар апісвае сваё знаёмства зь Беларусьсю ў 1988 годзе, у самы разгар гарбачоўскай перабудовы.
«Там гэта была рэвалюцыя. Па-першае, яна выглядала як драматычны разьлік са сталінізмам. Перад маім прыездам у Курапатах пад Менскам знайшлі ўрочышча і высьветлілася, што там пахаваныя дзясяткі, а можа і сотні тысяч беларускіх інтэлігентаў і сялян, забітых на загад Сталіна.
І ў той жа час людзі пачалі ўсьведамляць беларускую самабытнасьць. Працэс нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, які пачаўся ў XIX стагодзьдзі і атрымаў разьвіцьцё падчас рэвалюцыі 1905 году, застаўся незавершаным. І вось ажыў. Калі б я хацеў выказаць адным словам тое, што я тады ўбачыў у беларусаў, то гэта былі б іхныя сьлёзы. Тады ўсё абуджалася: грамадзкае жыцьцё, нацыянальнае, рэлігійнае».
Аўтар таксама згадвае, як быў сьведкам стварэньня Беларускага Народнага Фронту, як беларусы казалі пра глыбокія пласты русыфікацыі ў іх краіне, але падкрэсьлівалі, што калыска Беларусі — Вялікае Княства Літоўскае, дзе афіцыйнай мовай на працягу стагодзьдзяў была старабеларуская. Аўтар згадвае нацыянальныя сьцягі беларусаў, падобныя да польскіх, бел-чырвона-белыя, якія бачыў на пачатку незалежнасьці Беларусі.
«Я бачыў іх яшчэ раз: у Вільні (у Беларусі яны ўжо былі забароненыя) 22 лістапада 2019 году. Тады на могілках Росы хавалі эксгумаваныя парэшткі лідэра паўстаньня 1863–1864 году Кастуся Каліноўскага.
Па вуліцах Вільні цякло мора бел-чырвона-белых сьцягоў: беларусы разьвітваліся са сваім нацыянальным героем Кастусём Каліноўскім. Я назіраў за гэтым беларуска-літоўска-польскім жалобным шэсьцем, і сэрца сьціскалася. Гэта было маё разьвітаньне зь беларускай зямлёй свабоды».
У 2020 годзе прайшлі выбары прэзыдэнта, і нечаканая перамога Сьвятланы Ціханоўскай справакавала беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, піша далей аўтар:
«Тысячы беларусаў былі кінутыя ў турмы, тысячы ўцяклі з краіны. Сама Ціханоўская зьехала ў Вільню, а на радзіме ёй завочна прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня. Яе муж Сяргей Ціханоўскі адбывае зусім рэальны 18-гадовы вырак».
Аўтар заклікаў памятаць пра яго і пра іншых беларускіх палітвязьняў, у тым ліку Анджэя Пачобута, асуджанага на 8 гадоў пазбаўленьня волі, Аляксандра Фядуту, асуджанага на 10 гадоў пазбаўленьня волі.
«Калі Карл фон Асецкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру ў 1936 годзе, Гітлер выпусьціў яго з канцэнтрацыйнага лягеру. Лукашэнка і чуць ня хоча пра вызваленьне Бяляцкага.
Я не кажу, што ён горшы за Гітлера, але я кажу, што філязофія ягонага рэжыму застаецца таталітарнай, нават калі яна не праяўляе ўсіх рысаў таталітарызму».
Аўтар задаецца пытаньнем, чаму гэты кашмар павінен быў здарыцца з краінай, якую іншы польскі інтэлектуал Тадэвуш Канвіцкі назваў «Дабрарусьсю — Добрай Зямлёй Добрых Людзей», і чаму гэта закранула і палякаў. І дае адказ:
"Урэшце, вялікая частка польскай гісторыі і культуры — насамрэч польска-беларуская: Меншчына — краіна Манюшкі, Наваградак — горад Міцкевіча, Горадня — горад Ажэшкі, Нясьвіж — замак Радзівілаў...
Калі ў ХІХ стагодзьдзі нарадзілася беларуская нацыянальная адметнасьць, расейцы казалі: гэта польская інтрыга. Сёньня мы маем абавязак працягваць гэтую інтрыгу.
Гэта значыць: памятаць пра Беларусь. І паўтараць няспынна: Алесь Бяляцкі, Алесь Бяляцкі, Алесь Бяляцкі»,— завяршае аўтар сваё эсэ ў варшаўскім часопісе.
- Анджэй Раманоўскі — прафэсар, доктар габілітаваны, літаратуразнаўца, выкладчык.
- Шматгадовы галоўны рэдактар Польскага біяграфічнага слоўніка.
- Дасьледаваў, сярод іншага, гісторыю культуры на землях цяперашніх Літвы і Беларусі ў XIX–XX стст.
Што пісаў пра Беларусь Тадэвуш Канвіцкі, якога згадвае аўтар
Анджэй Раманоўскі згадвае твор Тадэвуша Канвіцкага [1926–2015] «Каляндар і клепсыдра», дзе аўтар дае свой вобраз Беларусі:
«Беларусь, Беларусь. Чаму называесься Беларусяй, калі ня маеш у сабе белі, калі бель твая — рыжыя асеньнія іржышчы, калі бель твая — сувоі шэрага палатна, распасьцертыя на сонцы, калі бель твая — гарачы пот стомленых людзей.
Ты павінна называцца Дабрарусь, ты павінна б была называцца Добрай Зямлёй Добрых Людзей...
Ты ня ўрэзалася ў людзкую памяць, Беларусь.
Ты не адбірала ад іншых свабоду, не рабавала чужой зямлі, не забівала людзей з-за суседзкай мяжы.
Ты мела павагу да чужых і гасьцінны калач, мела для рабаўнікоў апошнюю карову і апошнюю скарынку жытняга хлеба са знакам крыжа, мела для няшчасных балеснае сэрца і беднае нясьпешчанае жыцьцё для ахвяры.
Таму мала хто Цябе памятае».
Форум