Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі на канфэрэнцыі аб аднаўленьні Ўкраіны расказаў пра зьнішчаную Расеяй энэргетыку і згадаў пра Беларусь


Уладзимір Зяленскі. Архіўнае фота
Уладзимір Зяленскі. Архіўнае фота

Расейскія войскі абстрэльваюць усе аб’екты, якія зьвязваюць энэргетычныя прадпрыемствы Ўкраіны з эўрапейскай сыстэмай.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Расея ў выніку ракетных абстрэлаў зьнішчыла траціну ўсёй энэргетычнай генэрацыі ва Ўкраіне.

«Адна з асноўных пуцінскіх мішэняў — гэта энэргетыка. [...] У выніку ўдараў расейскіх ракет і дронаў зьнішчана ўжо 9 гігават магутнасьцяў. Пры гэтым пік спажываньня энэргіі гэтай зімой быў 18 гігават. [...] Мы ўжо страцілі 80% цеплавой генэрацыі, траціну — гідрагенэрацыі», — заявіў Зяленскі ў часе свайго выступу на міжнароднай канфэрэнцыі аб аднаўленьні Ўкраіны, што праходзіць у Нямеччыне.

Паводле яго, своечасова аднавіць страчаныя магутнасьці без замежнай дапамогі Ўкраіна ня зможа.

«Мы мусім зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб захаваць наяўную генэрацыю і максымальна аднавіць страчаную. [...] Бяз вашага крэдытаваньня і інвэстыцый мы ня зможам гэта рэалізаваць», — падкрэсьліў ён.

Уладзімір Зяленскі дадаў, што расейскія войскі абстрэльваюць усе аб’екты, якія зьвязваюць энэргетычныя прадпрыемствы з эўрапейскай сыстэмай. У тым ліку і з гэтай прычыны, паводле яго, вельмі важна аднавіць максымальную частку энэргетычных аб’ектаў да зімы.

Асобна прэзыдэнт Украіны спыніўся на эўрапейскай будучыні сваёй краіны і суседзяў.

«Эўразьвяз патрэбен усім эўрапейцам без выключэньня і кожнай нацыі, якая падзяляе агульныя каштоўнасьці ўсёй Эўропы і хоча жыць, як і мы, у міры. Украінцы — такая нацыя, як і нашы суседзі ў Малдове, як і народ Грузіі, як і дзяржавы Балкан і іншыя дзяржавы, якія паважаюць Эўропу, свабоду і вяршэнства права. Абавязкова настане час і вольнай Беларусі, Беларусі ў Эўропе», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

У сваю чагу прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што перамовы аб уступленьні Ўкраіны ў Эўразьвяз мусяць пачацца да канца чэрвеня.

«Украіна выканала ўсе крокі, якія мы сфармулявалі. Таму мы верым, што Эўрапейскі Зьвяз павінен пачаць перамовы пра ўступленьне ўжо да канца гэтага месяца», — заявіла яна.

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц заявіў, што пытаньне захаваньня ўкраінскай энэргетыкі зьяўляецца адным з галоўных на парадку дня.

«Пытаньні энэргетыкі для нас — адны з галоўных на парадку дня. Штодзень Расея абстрэльвае ўкраінскую энэргетычную інфраструктуру. Нягледзячы на сталыя атакі, пакуль што ўдаецца трымаць энэргазабесьпячэньне ў працоўным стане», — адзначыў ён.

Оляф Шольц паведаміў, што Нямеччына дапамагае Ўкраіне ў рамонце і абароне падстанцый і энэргасетак, і паабяцаў неўзабаве перадаць Украіне трэцюю ўстаноўку Patriot, яшчэ адну сыстэму IRIS-T, а таксама зэнітныя самаходныя ўстаноўкі «Гепард», ракеты і боепрыпасы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG