Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія падтрымала пачатак перамоў аб уступленьні Ўкраіны і Малдовы ў Эўразьвяз


Саміт Украіна — ЭЗ прайшоў у Кіеве 3 лютага 2023 году. Ілюстрацыйнае фота
Саміт Украіна — ЭЗ прайшоў у Кіеве 3 лютага 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

Дакладную дату плянуюць вызначаць на наступным тыдні.

Эўрапейская камісія рэкамэндавала чальцам Эўразьвязу пачаць перамовы з Украінай і Малдовай аб уступленьні ў арганізацыю.

«Пытаньне аб працэсе ўступленьня Малдовы і Ўкраіны было сёньня ў парадку дня Камітэту пастаянных прадстаўнікоў у Эўрапейскім Зьвязе... Мы лічым, што абедзьве краіны выканалі ўсе крокі, цяпер рашэньне ў руках краін-чальцоў», — працытавала прэсавую сакратарку Эўракамісіі Ану Пісанэра ўкраінскае выданьне «Європейська правда».

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль падзякаваў Эўракамісіі за пазытыўную ацэнку эўраінтэграцыйнага працэсу Ўкраіны.

«У агучанай выснове Эўракамісіі ідзецца пра тое, што Ўкраіна працягвае сыстэмныя намаганьні для ўступленьня ў ЭЗ і выканала ўсе чатыры дадатковыя крокі-рэформы. Цяпер мы чакаем ад нашых эўрапейскіх партнэраў наступнага кроку — пачатку перамоваў аб сяброўстве ў Эўразьвязе ўжо ў гэтым месяцы. Украінскі народ штодзень адстойвае права быць у коле эўрапейскай сям’і ў вайне супраць расейскага агрэсара», — заявіў украінскі прэм’ер.

У той жа час, як паведаміла агенцтва Інтерфакс-Україна, Камітэт пастаянных прадстаўнікоў у Эўрапейскім Зьвязе ня змог ухваліць канкрэтную дату пачатку перамоваў з Украінай праз пазыцыю Вугоршчыны.

«Абмеркаваньне прадоўжаць на наступным тыдні», — паведаміла агенцтва са спасылкай на высокага эўрапейскага дыплямата.

Украіна падала заяўку на ўступленьне ў Эўразьвяз праз чатыры дні пасьля расейскага ваеннага ўварваньня — 28 лютага 2022 году. Статус кандыдата Ўкраіна, як і Малдова, атрымала праз чатыры месяцы — 23 чэрвеня 2022 году.

Выданьне Financial Times паведаміла, што першы раўнд перамоваў аб уступленьні Ўкраіны і Малдовы ў ЭЗ можа адбыцца ўжо сёлета, 25 чэрвеня.

Паводле крыніц выданьня, Эўракамісія хоча хутчэй пачаць фармальныя перамовы, каб абедзьве краіны атрымалі пазытыўны сыгнал на іхныя надзеі стаць сябрамі ЭЗ.

Для пачатку перамоваў Украіна і Малдова павінны былі выканаць пэўныя ўмовы.

У прыватнасьці, Украіне выставілі сем умоў, сярод якіх рэформа Канстытуцыйнага суду, зьніжэньне карупцыі і абарона правоў нацыянальных меншасьцяў.

Пачатак перамоваў не азначае хуткага прыёму краін у Эўразьвяз. Раней кіраўніцтва Рады ЭЗ заяўляла, што Ўкраіна і Малдова могуць стаць сябрамі арганізацыі да 2030 году пры ўмове выкананьня «хатніх заданьняў».

З 1 ліпеня старшынёўства ў Эўразьвязе мае перайсьці да Вугоршчыны, якая блякуе большасьць рашэньняў, датычных Украіны.

4 чэрвеня Бэльгія, якая цяпер старшынюе ў Радзе Эўразьвязу на ратацыйнай аснове і мае перадаць з 1 ліпеня гэтыя паўнамоцтвы Вугоршчыне, заклікала ўрады эўрапейскіх краін разгледзець магчымасьць пазбаўленьня Вугоршчыны права голасу і выкарыстаньня права вэта.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG