Нямеччына выступае супраць намаганьняў Эўразьвязу зьліквідаваць шчыліну, якая дазваляе таварам высокай клясы, у тым ліку раскошным аўтамабілям, трапляць у Расею празь Беларусь, заявілі Politico чатыры дыпляматы ЭЗ. Трое зь іх заявілі таксама, што ў блякаваньні ўдзельнічае і Францыя.
Наперадзе саміт G7 у Італіі, ён пройдзе 13–15 чэрвеня. Там будуць перамовы аб 14-м пакеце санкцый.
Санкцыі супраць Менску не такія вялікія, як супраць Масквы, і дазваляюць Беларусі стаць перавалачным пунктам для санкцыйных тавараў, якія трапляюць у Расею.
«Калі мы прымаем слабыя меры ў дачыненьні Беларусі, мы ведаем, што тавары паступаюць у Маскву празь Менск, гэта крыху сьмешна», — сказаў адзін з дыпляматаў ЭЗ, якому, як і іншым апытаным для гэтай гісторыі, дазволілі застацца ананімным, каб расказаць пра канфідэнцыйныя перамовы.
Імпарт аўтамабіляў з Эўразьвязу ў Беларусь вырас летась да 2,6 мільярда даляраў, павялічыўся больш чым у чатыры разы ў параўнаньні з 2021 годам, паведамляе нямецкая эканамічная група, якая кансультуе ад імя Міністэрства эканомікі Нямеччыны Косава і Ўкраіну.
Дасьледчыкі назіралі самы высокі адносны рост у сэктары раскошных аўтамабіляў, на долю якога прыпадала дзьве траціны агульнага павелічэньня імпарту коштам 1,4 мільярда даляраў. Улічваючы, што ўсплёск супярэчыць разьвіцьцю ўнутранага аўтамабільнага рынку Беларусі, ён праўдападобна зьвязаны з далейшым рээкспартам у Расею, адзначаюць яны.
Такім чынам набліжаныя да Пуціна алігархі могуць абнаўляць свой аўтапарк элітнымі аўтамабілямі з ЭЗ.
Таксама перад форумам у італьянскай правінцыі Апулія застаецца незразумелым, ці атрымаецца ў краін Эўразьвязу ўзгадніць санкцыі ў энэргетычным сэктары. Супраць іх традыцыйна выступае прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан.
Форум