Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы, якія выехалі ў Літву, гатовыя вярнуцца, калі гэта паўплывае на сытуацыю ў краіне, — сацдасьледаваньне


Акцыя беларусаў у Вільні, Літва. Архіўнае фота
Акцыя беларусаў у Вільні, Літва. Архіўнае фота

Беларусы, якія выехалі ў Літву пасьля падзей 2020 году, гатовыя вярнуцца на радзіму ня толькі пасьля зьмены ўлады, але і ў выпадку, калі будуць упэўненыя, што іх вяртаньне паўплывае на сытуацыю ў краіне, цытуе «Позірк» кіраўніка Беларускай аналітычнай майстэрні, сацыёляга Андрэя Вардамацкага.

6 чэрвеня Вардамацкі прадставіў у Варшаве вынікі дасьледаваньня «Беларусы ў Літве», праведзенага 6–9 сакавіка мэтадам апытаньня чатырох фокус-груп па 9 чалавек у кожнай. Вардамацкі падкрэсьліў, што апытваліся розныя па ўзросьце (старэйшыя за 18 гадоў) мужчыны і жанчыны з рознай матывацыяй (палітычнай або эканамічнай) выезду ў Літву.

Па словах сацыёляга, дасьледаваньне насіла ня столькі колькасны, колькі якасны характар, у сувязі з чым упор падчас прэзэнтацыі быў зроблены не на статыстычныя паказчыкі, а на тэндэнцыі.

На аснове атрыманых дадзеных Вардамацкі падкрэсьліў, што частка эмігрантаў гатовая вярнуцца «неадкладна», калі атрымае адпаведны «сыгнал» ад апазыцыі.

Ён адзначыў, што большасьць удзельнікаў апытаньня ўдзячныя Літве за тое, што «могуць дыхаць паветрам свабоды, свабодна хадзіць па вуліцы з тэлефонамі». Гэтыя людзі — прыхільнікі дэмакратыі, праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі, яны выступаюць супраць вайны ва Ўкраіне, сказаў сацыёляг. Паводле яго слоў, яны ня хочуць «працаваць на цара», быць «рэсурсам для дзяржавы» або адчуваць сябе абавязаным яму за «магчымасьць мець працу».

Згодна з вынікамі дасьледаваньня, яго ўдзельнікі выбралі для пераезду Літву, бо яна блізкая да Беларусі з культурнага, гістарычнага, геаграфічнага, экалягічнага і кліматычнага пунктаў гледжаньня. У іх ёсьць сябры ў Літве, яны бывалі там і раней і не пачуваюцца ў гэтай краіне чужымі.

Сярод пераваг жыцьця ў Літве рэспандэнты назвалі стаўленьне да іх з боку мясцовых жыхароў: тыя не прымушаюць беларусаў вучыць сваю мову, а ў выпадку цяжкасьцяў у зносінах лёгка пераходзяць на расейскую і ангельскую. Пры гэтым вельмі добразычліва ставяцца да спроб размаўляць па-літоўску, што, як сьцьвярджаецца, «матывуе беларусаў вывучаць мову ў знак павагі да тытульнай нацыі».

Разам з тым, удакладніў Вардамацкі, удзельнікі дасьледаваньня адзначылі ўзьніклую з восені мінулага году «напружанасьць» у адносінах літоўцаў і беларусаў. На думку апытаных, яна паходзіць не ад «простых грамадзян Літвы», а ад палітыкаў.

Незадаволенасьць рэспандэнтаў выклікаюць заявы прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы пра «неабходнасьць зраўнаць беларусаў і расейцаў». На думку фокус-груп, такое рашэньне будзе на руку ўладам у Менску і Маскве, а ўніфікацыя абмежаваньняў для беларусаў і расейцаў, у тым ліку ў візавых пытаньнях, прывядзе да «доўгатэрміновых нэгатыўных наступстваў» для нацыянальнай бясьпекі Літвы.

9 красавіка намесьнік дырэктара Дэпартамэнту міграцыі пры МУС Літвы Люцыя Войшніс паведаміла, што дзейны дазвол на жыхарства ў краіне маюць 62 830 грамадзян Беларусі. Паводле яе слоў, 74 працэнты гэтых асоб знаходзяцца ў краіне на падставе працы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG