Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паранены прэм’ер Славаччыны Фіца заявіў, што даруе нападніку на яго


Робэрт Фіца
Робэрт Фіца

Славацкі прэмʼер-міністар Робэрт Фіца, на жыцьцё якога ў сярэдзіне траўня быў учынены замах, апублікаваў першы з таго моманту зварот, дзе абвясьціў, што мае намер празь некалькі тыдняў вярнуцца да працы.

Пра гэта паведамляе «Эўрапейская праўда».

У апублікаваным у Facebook роліку Фіца заявіў, што ў яго страляў «актывіст славацкай апазыцыі».

Цяпер прэмʼер на хатнім лячэньні.

«Калі ўсё пойдзе паводле пляну, я магу паступова вярнуцца да працы ў канцы чэрвеня — пачатку ліпеня», — заявіў ён.

Далей прэмʼер Славаччыны сказаў, што ён даруе асобе, якая ўчыніла замах, і «не адчувае ніякай нянавісьці да чалавека, які ў мяне страляў». Ён паабяцаў, што ня будзе падаваць на яго ў суд і патрабаваць ад яго кампэнсацыі.

«Я дарую яму, няхай ён сам разьбярэцца ў сваёй галаве, што ён зрабіў і чаму ён гэта зрабіў. У рэшце рэшт, відавочна, што ён быў толькі пасланцам зла, якое палітычна няўдалая і расчараваная апазыцыя разьвязала да некіравальных маштабаў», — лічыць Фіца.

Замах на Робэрта Фіца быў зроблены 15 траўня пасьля выязнога пасяджэньня ўраду ў горадзе Гандлава. Першы час пасьля інцыдэнту былі сумневы, ці выжыве паранены прэмʼер.

Нападнікам быў 71-гадовы Юрай Цынтула. На допыце ён сьцьвярджаў, што хацеў не забіць Фіца, а толькі «нашкодзіць здароўю», каб той ня змог далей праводзіць палітыку, зь якой Цынтула нязгодны, у тым ліку і ў пытаньні вайны Расеі з Украінай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG