Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год таму ва Ўкраіне разбурылі Кахоўскую ГЭС. Як цяпер жывуць пацярпелыя раёны. ФОТА, ВІДЭА


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Расейскія вайскоўцы каля акупаванай Кахоўскай ГЭС
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Расейскія вайскоўцы каля акупаванай Кахоўскай ГЭС

Год таму, у ноч на 6 чэрвеня 2023 году, падчас расейскай акупацыі поўдня Ўкраіны была разбураная Кахоўская ГЭС. Затапіла населеныя пункты ў Мікалаеўскай і Херсонскай абласьцях Украіны.

Падкантрольныя Расеі акупацыйныя ўлады казалі пра 59 загінулых, але апытаныя агенцтвам Associated Press відавочцы заяўлялі пра сотні загінулых. Толькі ў горадзе Алешкі маглі патануць 200-300 чалавек, паведамлялі мясцовыя мэдыкі.

Украіна, ЭЗ і Вялікая Брытанія ўсклалі адказнасьць за тое, што адбылося, на Расею. Кіеў заявіў, што гаворка ішла пра «падрыў канструкцыяў знутры», зроблены ў надзеі спыніць контранаступ УСУ. Расейскі бок адпрэчыў гэтыя абвінавачаньні і назваў прарыў Кахоўскай ГЭС «наўмыснай дывэрсіяй Украіны».

Як цяпер жывуць пацярпелыя раёны, расказвае «Настоящее время».

Празь месяц пасьля разбурэньня мясцовасьць вакол вадасховішча ператварылася ў пустыню: замест рыбы на месцы вадасховішча зьявіліся бажаны.

Мужчыны гуляюць па высахлым беразе Дняпра пасьля рэзкага падзеньня ўзроўню вады ў выніку разбурэньня Кахоўскай ГЭС, 25 чэрвеня 2023 году, фота Reuters
Мужчыны гуляюць па высахлым беразе Дняпра пасьля рэзкага падзеньня ўзроўню вады ў выніку разбурэньня Кахоўскай ГЭС, 25 чэрвеня 2023 году, фота Reuters

Праз год на месцы пустыні ўсё зазелянела: адрадзіўся так званы Вялікі Луг, у XVI–XVII стагодзьдзях — частка Запарожскай Сечы, якая распасьціралася да вострава Хорціца.

Карэспандэнт «Настоящего времени» наведаў адно зь нямногіх месцаў каля Дняпра (назва пасёлка не называецца ў мэтах бясьпекі), дзе людзі могуць здабыць пітную ваду.

«Мы зь яе толькі есьці варым», — расказвае мясцовая жыхарка Ларыса. У вадаправодзе, паводле яе, вада зьяўляецца ўсяго раз на тыдзень: «А так зьяўляецца ў вёсцы, то яна такая ня вельмі смачная — даём жывёлам, курам».

Няма вады і ў сьвідравінах. Яе дэфіцыт пачалі адчуваць ужо праз тыдзень пасьля падрыву Кахоўскай ГЭС, а яшчэ праз 2-3 тыдні «вада зьнікла амаль зусім», расказаў намесьнік начальніка мясцовай вайсковай адміністрацыі. Перад мясцовай адміністрацыяй узьнікла пытаньне, як забясьпечыць населены пункт вадой. У выніку ўспомнілі пра старажытныя студні, пабудаваныя два стагодзьдзі таму, але заваленыя сьмецьцем.

Украінскія вайскоўцы эвакуююць мясцовых жыхароў з затопленай зоны ў Херсоне пасьля прарыву Кахоўскай ГЭС, 8 чэрвеня 2023, фота AFP
Украінскія вайскоўцы эвакуююць мясцовых жыхароў з затопленай зоны ў Херсоне пасьля прарыву Кахоўскай ГЭС, 8 чэрвеня 2023, фота AFP

Калі ўверх па цячэньні людзі адчуваюць нястачу вады, дык у Херсоне людзі сутыкнуліся з катастрофай паводкі.

Наступствы паводкі відаць і цяпер. Тацяна паказвае фота вялізнай ямы, якая ўтварылася пад падмуркам яе дома пасьля паводкі. «Давялося яе замуроўваць, таму што баяліся, каб увесь дом не пацягнула», — кажа яна. Сям’я жыве каля ракі Інгулец, якая ўпадае ў Дняпро, але паводка была такой сілы, што затапіла і ўсю гэтую тэрыторыю, уключаючы двор Тацяны.

Абваленая тынкоўка, сьцены ў расколінах — з падобнай праблемай пасля затапленьня сутыкнулася і Тацяна Сакаленка:

«На шосты дзень пачала ў нас вада спадаць. Мы маглі прайсьці па пояс у хату, у хату сюды. Туалет зьнесла. А вось яшчэ на агародзе вада».

Мясцовы жыхар на затопленай вуліцы ў Херсоне, 10 чэрвеня 2023 году пасьля разбурэньня дамбы Кахоўскай ГЭС, фота AFP
Мясцовы жыхар на затопленай вуліцы ў Херсоне, 10 чэрвеня 2023 году пасьля разбурэньня дамбы Кахоўскай ГЭС, фота AFP

Расколінамі пайшла і мясцовая школа. Калі мясцовыя школьнікі зноў сядуць за парты, невядома. Начальнік Каліноўскай вайсковай адміністрацыі Максім Кажамяка кажа, што некаторыя наступствы затапленьня сталі выяўляцца толькі цяпер, праз год: «Найбольшая складанасьць — гэта разбурэньні, таму што мы сутыкаемся з праблемамі ўжо праз год».

«Мы сутыкнуліся з праблемай разбурэньня са школай. 168 прыватных дамоў былі падтопленыя, і наступствы былі дастаткова складанымі. Бо на сёньняшні дзень тыя дамы, якія мы лічылі, што іх можна капітальна рамантаваць, сёньня мы разумеем, што гэта разбураныя дамы таксама, таму што яны не перажылі зіму. Многія дамы проста разбураюцца на вачах», — кажа Максім Кажамяка.

Жыхар Херсона Яўген кажа, што ва ўсіх выпрабаваньнях, якія даводзіцца пераадольваць, ёсьць адна прычына, і яе трэба выправіць:

«Усё роўна давядзецца ісьці ваяваць, таму я тут яшчэ крыху і пайду ўсё роўна. Адны дзяўчаты застануцца ў нас».

Калі вайна скончыцца і расейскія войскі пакінуць Украіну, на думку Яўгена, усё адновяць, і ў дамы вернуцца людзі. А пакуль бераг Дняпра тут, на Херсоншчыне, па-ранейшаму нясе небясьпеку з прычыны блізкасьці расейскіх войскаў.

Сабака пʼе ваду на затопленай дарозе ў падкантрольным Расеі пасёлку Карсунка Херсонскай вобласьці пасьля абвальваньня дамбы Кахоўскай ГЭС, 7 чэрвеня 2023 году, фота Reuters
Сабака пʼе ваду на затопленай дарозе ў падкантрольным Расеі пасёлку Карсунка Херсонскай вобласьці пасьля абвальваньня дамбы Кахоўскай ГЭС, 7 чэрвеня 2023 году, фота Reuters

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG