Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 250 беларусаў зьвярнуліся да Ўкраіны па дапамогу ў пошуку сваякоў, якія ваявалі на баку Расеі


Расейскія танкі ў Херсонскай вобласьці, люты 202 году. Ілюстрацыйнае фота
Расейскія танкі ў Херсонскай вобласьці, люты 202 году. Ілюстрацыйнае фота

Ва ўкраінскі праект «Хачу знайсьці», які рэалізуе Каардынацыйны штаб Украіны па абыходжаньні з ваеннапалоннымі, зьвярнуліся сама меней 250 грамадзян Беларусі па дапамогу ў пошуку сваіх сваякоў, якія пайшлі ваяваць на баку Расеі, але сувязь зь імі зьнікла.

«У праект (з студзеня 2024 году. — РС) зьвярнуліся больш за 250 заяўнікаў, якія паведамілі, што яны зь Беларусі. Імаверна, што агульная колькасьць будзе вышэй, бо ня ўсе адказваюць на пытаньне пра свой рэгіён», — паведамілі Свабодзе ў праекце «Хачу жыць».

У той жа час суразмоўца Свабоды адмовіўся ўдакладніць колькасьць грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ва ўкраінскім палоне. Згодна зь інфармацыяй Свабоды, ва ўкраінскім палоне знаходзіцца сама меней 14 грамадзян Беларусі.

Раней украінскі бок паведаміў, што толькі ў кастрычніку праект «Хачу знайсьці» атрымаў 9 243 заяўкі на пошук зьніклых бязь вестак вайскоўцаў расейскай арміі, а з пачатку праекту (з студзеня 2024 году па лістапад 2025-га) атрымалі 144 138 зваротаў.

Супрацоўнікі праекту змаглі высьветліць лёс 3 155 расейскіх вайскоўцаў: 3 017 чалавек знайшлі ў палоне і 138 ідэнтыфікавалі сярод целаў загінулых. Сярод знойдзеных толькі 2 % маюць вышэйшую адукацыю, 53 % — сярэднюю адукацыю, а некаторыя закончылі ўсяго некалькі клясаў школы.

У праекце адзначылі, што па пошук сваякоў зьвяртаюцца таксама грамадзяне Казахстану, Узбэкістану і Эгіпту.

  • Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
  • Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
  • У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
  • За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 300 тых, хто ваяваў на баку Расеі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG