34-гадовы мянчук Павал Дабравольскі апошні раз быў у Беларусі ў траўні 2022-га. Потым паўгода жыў у латвійскай Юрмале, пасьля вучыўся ў стакгольмскай школе эканомікі. Улетку 2023-га вырашыў паглядзець Барсэлёну і Вэнэцыю. Паехаў з адным заплечнікам, бяз ноўтбука.
«Зацягнулася. Я так і не вярнуўся», — усьміхаецца Павал.
Падарожжы працягваліся ў Армэніі, на Кіпры, у Францыі. Калі шукаў самалёт на Пальма-дэ-Маёрку на Балеарскіх астравах (Гішпанія), выпадкова ўпісаў «Панама». Білет туды каштаваў 330 эўра. Гэта было ў разы таньней, чым ён думаў. Павал вырашыў ляцець за акіян.
«Калі ты ўжо тут, на іншай плянэце, не вяртацца ж празь месяц назад, у холад. Адно за адным: Эквадор, Пэру, Балівія, Аргентына, Бразылія», — пералічвае Павал пункты свайго падарожжа.
У Лацінскай Амэрыцы ён правёў восем месяцаў. Некаторыя краіны рэгіёну не патрабуюць візаў ад беларусаў. Там суразмоўца паглядзеў больш за 200 гарадоў і вёсак. Перад гэтым Павал наведаў звыш 50 краінаў. Кажа, што з узростам цікавасьць да сьвету паменшылася. Аднак на новым кантынэнце быццам пачалося новае жыцьцё.
«Я прачынаўся без будзільніка, а 5-й, а 6-й раніцы ў Панаме і з асалодай увесь горад аглядаў, з ускрайкамі, дахамі, падваламі, заводамі», — успамінае ён.
Павал кажа, што, каб лепш дасьледаваць гэтыя краіны, чытаў кнігі пра іх, глядзеў мясцовыя фільмы, абнаўляў плэй-ліст лацінаамэрыканскімі выканаўцамі. Запал пачаў зьнікаць толькі цяпер.
Як вышэйшая адукацыя
Калі б яму прапанавалі за грошы паўтарыць свой шлях, Павал бы адмовіўся. Жыць у Лацінскай Амэрыцы ён таксама пастаянна не хацеў бы.
«Вялікая колькасьць непрыемных момантаў, расчараваньняў, бяссонных начэй і нават сьлёзаў», — тлумачыць ён.
Гэтую паездку ён успрымае не як турыстычную, а як чарговую вышэйшую адукацыю.
«Перадоз інфармацыі, малюнкаў у вачах напружвае. Я паралельна онлайн працую. Для мозгу атрымліваецца як дзьве працы. Пэру — гэта як чатыры Польшчы. А яна тут адна з самых маленькіх краінаў», — зазначае ён.
Беларус правёў некалькі месяцаў у гарах на вышыні 3–5 кілямэтраў. Яму там не хапала кіслароду. У Аргентыне было цяжка ў сьпёку 35–40 градусаў, плюс вялікая вільготнасьць, шмат насякомых.
«Ёсьць хвароба дэнге, якая перадаецца проста ад укусаў камароў. Ты прачынаесься і бачыш на сваім целе 100-200 укусаў», — расказвае ён.
«У Куска каля 90% — гэта індзейскае насельніцтва»
Адкрыцьцём для вандроўніка стала вялікая колькасьць індзейцаў.
«У маёй галаве да паездкі было, што індзейцы жывуць у ЗША ў рэзэрвацыях. А іх большасьць у многіх гарадах. У Куска (Пэру) каля 90% індзейскага насельніцтва», — расказвае Павал.
Многія індзейскія тэрыторыі дзяржава проста не кантралюе. Індзейскі народ кечуа, які жыве ў розных краінах Лацінскай Амэрыкі, складае 12 мільёнаў чалавек. Яму як турысту цікавей паехаць у індзейскую краіну, а не ў краіну з гішпанскай мовай і далярамі.
«Ты ня хочаш бачыць увесь сьвет у джынсах і з „Макдональдсамі“. Хоць я вельмі за хмарачосы, гольф-палі і зразумелыя раёны. Там твой мозг адпачывае, бо ўсё зразумела», — адзначае ён.
Вандроўнік бачыць нераскрыты патэнцыял у рэгіёнах, якія не дамагліся незалежнасьці.
«Па турыстычным патэнцыяле Парана (штат Бразыліі. — РС) прыгажэйшы за Панаму. Увесь сьвет ведае пра Панаму, і мала хто ведае пра Парану, бо гэта проста штат», — разважае суразмоўца.
Напалі і абрабавалі
Павал наўмысна шукаў самыя крымінальныя раёны ў розных краінах. Наведаў іх каля 30–40. У Панаме яны самыя небясьпечныя. Такія раёны ахоўвае паліцыя, праваахоўнікі могуць не пусьціць на іх тэрыторыю іншаземца.
«Кажаш ім, што „пад маю адказнасьць, дзякуй за папярэджаньне“. І ідзеш», — дзеліцца Павал.
Вандроўнік расказвае, што хадзіў у такія месцы ад спартовага інтарэсу. Пакідаў дома ўсе рэчы. Браў з сабой толькі тэлефон. Рабіў пару здымкаў, а рэшту «фатаграфаваў» вачыма. У Пэру ўжо менш хваляваўся і больш здымаў. Некалькі разоў выпадкова затрымліваўся ў такіх раёнах на ноч. Мяркуе, што большасьць іх жыхароў ставяцца да гасьцей нэўтральна.
«Лічу абавязкам вывучаць краіны з двух бакоў. Ня проста ў гольф пагуляць ці ў рэстарацыях добрых пасьнедаць. Калі ты ноч у „Хілтане“ правёў, то на наступны дзень твой абавязак — пайсьці трушчобы паглядзець», — перакананы вандроўнік.
Адзін раз на Паўла напалі. Гэта здарылася ў сталіцы Аргентыны Буэнас-Айрэсе. Ён пазнаёміўся з хлопцам зь Менску, і яны разам вырашылі паглядзець такі раён. Знаёмы ўзяў заплечнік і дрон.
Пасярод дня ў жылым квартале на іх напала група з 15 мужчын, якія мелі зброю. Хлопцаў сталі біць. У Паўла забралі айфон, ён страціў увесь фотаархіў за год. Калегу яшчэ мацней пабілі і абрабавалі. Усё адбывалася на вачах у жанчын і дзяцей.
«Мясцовыя жыхары як на забаву на гэта глядзелі», — расказвае Павал.
У паліцыі некалькі гадзін распытвалі пра здарэньне. Але чамусьці адмовіліся ехаць у той раён па гарачых сьлядах. Прайшло два месяцы, вынікаў расьсьледаваньня Павал ня ведае.
Суразмоўца прызнаецца, што наведваць крымінальныя раёны матывуюць падпісчыкі. На такія сторыз значна больш падабаек і камэнтароў. Але ён ходзіць «для сябе», бо адчувае там унутраны рост.
«Калі ты бачыш у такіх раёнах шмат пазытыўных, усьмешлівых людзей, то па-іншаму пачынаеш глядзець на сьвет. Ён здаецца менш жорсткім», — кажа Павал.
Ён думае, што ў жыхароў трушчобаў больш праблемаў, чым у яго самога, і нават больш, чым у людзей у беларускіх турмах. Прычыны — беднасьць, голад, кепская экалягічная сытуацыя, смурод.
«Там людзі ў 19 гадоў выглядаюць на 30. Ты бачыш вельмі глыбокія позіркі людзей, якія бачылі вельмі шмат. Ты нават не ўяўляеш што», — кажа ён.
Ён сам праз такія шпацыры, як мяркуе, становіцца больш эмпатычным і экалягічна сумленным.
«Калі ты бачыш гэтых людзей на вуліцы, яны перастаюць цябе напружваць, ты пачынаеш іх разумець. Цяпер я да іх стаўлюся як да людзей, а не як да нечага, што перашкаджае маім вачам і псуе мой настрой. Я магу быць у такой жа сытуацыі», — дзеліцца Павал.
«Бывае так, што ў цябе нуль грошай»
У жыцьці Паўла бывалі сытуацыі да падарожжа ў Лацінскую Амэрыку і падчас яго, калі ён заставаўся зусім бяз грошай з прычыны блякаваньня рахункаў.
«Нават мае сябры не маглі мне нічога перавесьці. Нават калі ў цябе ёсьць заробак і ашчаджаны запас, бывае так, што ў цябе нуль грошай. Ты ня ведаеш, што ты будзеш есьці і дзе будзеш начаваць», — успамінае ён.
Прызнаецца, што нават плакаў у такіх сытуацыях.
«У цябе ўсё валіцца з рук. Ты тут адзін. Табе ніхто ня можа дапамагчы. Я раней не адчуваў сябе настолькі бездапаможным, бязь нейкага прыкрыцьця. У мяне ёсьць афіцыйная праца, ёсьць зьберажэньні, але я не магу іх патраціць. Гэта часовая роспач. Але на той момант гэта было вельмі істотным. Цяпер я з гэтага сьмяюся. Жыцьцё мне не давала такіх урокаў раней. У Менску жывеш у цяплічных умовах», — кажа Павал.
Калі ў яго скончылася латвійская віза, банк заблякаваў рахунак. Тады Павал быў у Панаме. Там можна было зьняць каля 100 даляраў на дзень зь вялікай камісіяй. Ён зьняў каля $500 і паехаў у Эквадор. Сумы хапіла на месяц. Павал аб’езьдзіў усю краіну, браў урокі сёрфінгу. Кажа, што калі эканоміць, там можна было пражыць гэты час і за $300.
Вандроўнік расказвае, што наступны раз эканоміць давялося, калі скралі айфон. Новы купіў за $1400 праз інтэрнэт. Калі праблема з рахункам вырашылася, Павал мог траціць па $2,5–3 тысячы за месяц.
Зьдзівіла яго ня толькі колькасьць бедных раёнаў, але і багатых. У Аргентыне цягам 50 кілямэтраў ішла суцэльная забудова зь вілаў, катэджаў, палёў для гольфу. У сталіцы Пэру Ліме шмат дарагіх рэстарацый з высокай кухняй.
Найлепшая рэстарацыя ў сьвеце знаходзіцца ў Ліме, яшчэ некалькі тамтэйшых уваходзяць у дзясятку. Калі Павал у лістападзе зайшоў у рэстарацыю № 1 з сусьветнага рэйтынгу, яму сказалі, што ўсё зарэзэрвавана да студзеня. Здолеў трапіць у іншае месца з топ-10. Яго пасадзілі за барную стойку, сядзець было нязручна. Зрабіў мінімальны заказ на $40.
«Мэню аўтарскае, гатуецца толькі ў гэтым месцы. Яны вынаходзяць нешта ўнікальнае, чаго няма нідзе», — падсумоўвае суразмоўца.
У Балівіі быў рэстаран з сыстэмай казіно. Плаціш за ўваход 80 даляраў — табе на гэтыя грошы нешта даюць, але ты загадзя ня ведаеш што. Самы вялікі рахунак атрымаўся ў Кордабе (Аргентына) — 150 даляраў. Там Павал пагуляў у гольф і схадзіў у рэстарацыю. Замаўляў суп за 25 даляраў, келіх віна за 19, спагеці.
«Што больш-менш таннага знайшоў, тое і замовіў», — кажа ён.
«Ахвяра беднага жыцьця»
Павал кажа, што рос у звычайнай сям’і. У яго было сьціплае жыцьцё са слабымі заробкамі.
«Калі ты ўрэшце можаш сабе дазволіць, у цябе ўключаецца сындром адкладзенага жыцьця. У мяне вельмі шмат скрыншотаў, дзе я закрэсьліваю наведаныя краіны на мапе. Пастаянна раблю акцэнт на колькасьці краінаў. Гэта было настолькі несьвядома, што я не заўважаў», — прызнаецца ён.
Цяпер адным зь ягоных хобі стаў гольф. Раней ён ня мог яго сабе дазволіць. Гольф прынёс у ягонае жыцьцё людзей зь іншым бэкграўндам — прыватнымі садкамі і школамі, заможнымі бацькамі. У яго зьявіліся знаёмыя даляравыя мільянэры.
«Яны могуць зьезьдзіць кудысьці на Маўрыкій, але інстаграм пра гэта ня будзе ведаць. Яны ня будуць рабіць фатаздымкаў. Яны ўмеюць жыць для сябе. Я ахвяра беднага жыцьця. Хацелася б, каб у мяне гэта хутчэй зьнікла. Але здаецца, што гэта ўжо генны код. Калі я гляджу на блогераў, якія жывуць гэтак жа, як я, яны мяне раздражняюць. Ну колькі можна дзяўбці ў сторыз, што гэта ўжо 60-я краіна?!» — разважае Павал.
«У нашага пакаленьня няма выразнага ўсьведамленьня дому»
З Бразыліі Павал заплянаваў паездку ў Грузію. Там плянуе зрабіць шэнгенскую візу. Сваім асноўным домам ён лічыць Менск. Хоча туды вярнуцца, калі зможа. Жыць паўгода ў Беларусі, а паўгода падарожнічаць. Адчуваньне дому ў яго зьявілася таксама ў Рызе і Барсэлёне.
«У нашага пакаленьня няма выразнага ўсьведамленьня дому. Барсэлёна — адно зь месцаў, куды я еду зь вялікіх паездак. Як і Рыга прыкіпела, хоць гэта ня самы прыемны горад для жыцьця. Плюсуюцца самыя прыемныя моманты. Яны прыводзяць да пачуцьця ўтульнасьці. Празь нейкі час ты з поўнай упэўненасьцю кажаш: гэта мой дом, я тут жыву», — тлумачыць Павал.
Падчас сваіх падарожжаў беларус усьвядоміў, што сьвет вельмі маленькі. Адчуваньне дому можна пашырыць на мацярык або на плянэту.
«Калі вяртаюся цяпер у Эўропу, то вяртаюся дадому», — кажа ён.
Форум