Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі навуковец Аляксей Ластоўскі наведаў 342 аб’екты UNESCO. Кажа, што больш за ўсіх у сьвеце


Аляксей Ластоўскі на вулькане Эльдфэтль у Ісьляндыі
Аляксей Ластоўскі на вулькане Эльдфэтль у Ісьляндыі

«Камусьці падабаецца жыць у камфорце, а мне падабаецца жыць у вандроўцы», — кажа Ластоўскі. Большую частку году ён праводзіць у падарожжах.

Сацыёляг, супрацоўнік Інстытуту «Палітычная сфэра» Аляксей Ластоўскі мае незвычайнае хобі. Ён ня проста падарожнічае па краінах і гарадах, але і імкнецца ўбачыць як мага больш аб’ектаў сусьветнай спадчыны UNESCO.

Сусьветная спадчына UNESCO — гэта прыродныя ці створаныя чалавекам аб’екты, якія, на думку UNESCO, неабходна захоўваць і папулярызаваць, бо яны маюць асаблівую культурную, гістарычную ці экалягічную значнасьць.

У Беларусі ў сьпіс UNESCO трапілі Белавеская пушча, Мірскі замак, Нясьвіскі палацава-паркавы комплекс, а таксама геадэзічная дуга Струвэ.

У інтэрвію Свабодзе Ластоўскі расказаў пра свае самыя незвычайныя вандроўкі, розьніцу між расейцамі і беларусамі, а таксама пра тое, што яшчэ ў Беларусі магло б трапіць у сьпіс сусьветнай спадчыны.

«29,5% з усіх магчымых»

— Адкуль у вас зьявілася такое нестандартнае захапленьне — наведваць аб’екты UNESCO?

— Не магу сказаць, што яно такое ўжо нестандартнае. У інтэрнэце ёсьць розныя супольнасьці, якія падарожнічаюць менавіта па аб’ектах UNESCO, расьпісваюць важныя лягістычныя моманты, — гэта карысна. Таксама існуе адмысловая мабільная праграма, у якой можна фіксаваць усе мясьціны, у якіх ты быў. Прыехаў, пазначыў галачку ў праграме, і гэта моцна дапамагае ў падліках. Сьпіс аб’ектаў UNESCO канечны, і ў ідэале ты можаш наведаць іх усе. Вядома, штогод сьпіс папаўняецца, але яго заўжды можна фіналізаваць.

Аляксей Ластоўскі ля храмавага комплексу Абу-Сымбэл у Эгіпце
Аляксей Ластоўскі ля храмавага комплексу Абу-Сымбэл у Эгіпце

— На дадзены момант колькі ў вас наведаных аб’ектаў?

— Усяго ў сьвеце цяпер іх 1157, я наведаў 342. Гэта значыць 29,5% з усіх магчымых.

— Ці сустракалі вы каго, хто мае больш наведваньняў?

— Складанасьць у тым, што няма нейкага агульнага рэйтынгу. Калі я шукаў у англамоўным інтэрнэце такіх людзей, то максымум бачыў каля 300 аб’ектаў. Чытаў інтэрвію на CNN з чалавекам, які наведаў 300 аб’ектаў. У ЗША — гэта была нагода для гутаркі. Таму больш за сябе я не сустракаў пакуль што нікога.

«Раней я траціў фактычна ўсе грошы»

— Як шмат часу вы праводзіце ў вандроўках?

— Апошнія гадоў 10 усе свае рэсурсы — час і грошы — я выдаткоўваю на падарожжы. Хтосьці будуе кватэры, хтосьці купляе дарагія рэчы, я трачуся на падарожжы. Мая праца навукоўца не асабліва прывязвае мяне да месца. Для навукоўца галоўнае — пісаць тэксты, рабіць арганізацыйную працу. 95% маёй працы адбываецца за кампутарам, я не прывязаны жорстка да лякацыі. Так атрымліваецца, што апошнія дзесяць гадоў штораз больш за палову году ў мяне прыпадае на вандроўкі. Пры гэтым трэба разумець, што ў мяне шмат іншых захапленьняў: я люблю музэі, выставы. Калі б я засяроджваўся выключна на аб’ектах UNESCO, то лічба магла б быць і большая.

— Вы вандруеце адзін ці зь некім?

— Камбінавана. Калі лёгка дабірацца да нейкіх краін, то я магу рабіць гэта і самастойна. Для мяне ў гэтым няма ніякіх праблем. Асабліва што тычыцца Эўропы. Калі ж гаворка ідзе пра далёкія краіны, дзе ёсьць цяжкасьці з адаптацыяй да мясцовай культуры, куды дорага дабірацца, то ў нас ёсьць каманда з трох чалавек. У вялікую вандроўку мы загадзя падбіваем нашы пляны і рушым — гэта і эканомія, бо можна разам наймаць жытло, замаўляць таксоўку. Справа ў тым, што да многіх аб’ектаў дабірацца складана, і праца камандай аблягчае гэта.

На вуліцах Гаваны, Куба
На вуліцах Гаваны, Куба

— Якую частку свайго бюджэту вы траціце на вандроўкі?

— Цяжка падлічыць. Раней я траціў фактычна ўсе грошы, якія зарабляў. У Менску я жыў у сьціплых умовах у інтэрнаце, бо мне цікавей было падарожнічаць. Пытаньне прыярытэтаў. Некаму падабаецца жыць у камфорце, а мне падабаецца жыць у вандроўцы. Самы цяжкі для мяне час быў — першы пэрыяд ковіду, калі ўсе межы былі закрытыя. І нават у Менску спынілася жыцьцё. На мяне стала находзіць дэпрэсія. Замест таго каб пісаць артыкулы, я сядзеў увесь такі змрочны ў гэтых чатырох сьценах. У вандроўцы ж ідзе стымуляцыя мозгу, ты адкрыты да новых уражаньняў, таму ў добрай інтэлектуальнай форме, што вельмі важна.

«Грэе душу, што Беларусь зьведаў напоўніцу»

— Як выкручваліся падчас пандэміі?

— Быў складаны час. У нас была заплянаваная ў сакавіку 2020 году вандроўка ў Ізраілі. І яна стала першай «ахвярай ковіду». За два тыдні да вандроўкі ад яе давялося адмовіцца. Я стаў вандраваць па Беларусі, бо ў нас шмат цікавых мясьцінаў. За той год я практычна аб’езьдзіў усю Беларусь. Цяпер, калі я ў Літве, грэе душу, што родную краіну зьведаў напоўніцу.

— Ведаю, што тады паезьдзілі па Расеі.

— У мяне не было ніякіх візавых ільготаў, каб прабірацца на Захад. Атрымалася так, што адзінай краінай, куды можна было выехаць без праблем, стала Расея. Выбару асаблівага не было, таму давялося пападарожнічаць. Там таксама хапае цікавага, пры ўсёй спэцыфіцы. Дабіраўся нават да Ўладзівастоку. Быў моцна ўражаны, што тамтэйшы каталіцкі касьцёл — гэта копія віленскага касьцёла сьвятой Ганны. Дый сам горад засноўвалі фактычна беларусы і ўкраінцы. Цікавая вандроўка была ў Татарстан. Адметны край у Расеі, які змог захаваць сваю мову і культуру. Мала каму там гэта ўдалося. І зноўку, цяпер няма ніякага жаданьня ехаць у Расею ў сувязі з прапагандысцкім шалам, і невядома, калі скончыцца вайна, таму радуюся, што змог пасьпець шмат паезьдзіць там.

— І якое ваша ўражаньне, людзі ў Беларусі і Расеі ўсё ж розныя?

— Ва Ўладзівастоку нават чытаў лекцыю, чым беларусы адрозьніваюцца ад расейцаў. Я лічу, што па культурных кодах, каштоўнасьцях, паводзінах адрозьненьні відавочныя. Мне здаецца, што беларусы па сваім характары больш падобныя да літоўцаў — спакойныя, ураўнаважаныя, ня лезуць наперад. У Расеі ж было часам складана.

Пустыня Вадзі-Рам у Ярданіі
Пустыня Вадзі-Рам у Ярданіі

«Самае цяжкадаступнае — Пальміра»

— Ці захаваўся ў памяці першы наведаны аб’ект UNESCO?

— Я падарожнічаў заўсёды шмат, але фіксаваць аб’екты стаў не адразу. Першай маёй вандроўкай за мяжу была Варшава, а цэнтар польскай сталіцы таксама ўваходзіць у сьпіс UNESCO. Потым я больш за два гады пражыў там.

— Якое самае цяжкадаступнае месца вам удалося наведаць?

— Яго пакуль не ўдалося наведаць. Нядаўна я быў у Ісьляндыі. Там тры аб’екты UNESCO, адзін зь іх — востраў, утвораны ў выніку вульканічнай актыўнасьці. Там не жывуць людзі, а ёсьць толькі навуковая база. Каб туды трапіць, трэба атрымаць дазвол ад навукоўцаў, а таксама даплыць да яго. Гэта ўсё ператварае наведваньне вострава ў вельмі дарагую апэрацыю — 2,5–3 тысячы эўра. Я пакуль перанёс гэты востраў на будучыню.

— А ўсё ж з наведанага?

— Магчыма, Пальміра. Туды ўвогуле цяжка трапіць, толькі зь нядаўняга часу сталі пускаць турыстаў. Там дагэтуль яшчэ не да канца бясьпечна. Я наведваў Сырыю ў траўні 2023 году, там спыненыя актыўныя ваенныя дзеяньні, ёсьць мясцовыя сутычкі і вылазкі ІДІЛ. Краіна аднаўляецца, але нядаўна быў землятрус у Алепа. Сырыя жыве ў ізаляцыі і беднасьці, але яна спрабуе выйсьці з вайны. Мяне ўразіла імкненьне людзей да міру і адбудовы жыцьця. Страшна не было. Урад Сырыі спрабуе заахвочваць турызм. Я купляў тур у мараканскай кампаніі, якая займаецца паездкамі ў экзатычныя краіны. Нас вазілі па вызначаным маршруце, ад якога нельга адхіліцца. Падарожнічаць самастойна там пакуль немагчыма. Мы сустракалі там падарожнікаў з Канады, Швэцыі, нават з ЗША!

«Шкада, што не ўключылі праспэкт Незалежнасьці»

— У якіх яшчэ экзатычных краінах даводзілася быць?

— Пару разоў дабіраўся да Цэнтральнай Амэрыкі. Нядаўна падарожнічаў па Кубе. Там адчуваеш сябе ў запаведніку сацыялізму, але ў час перабудовы, калі ўсё развальваецца на вачах. Ня думаю, што іх сацыялістычная рэчаіснасьць пратрымаецца доўга, таму мо і ёсьць сэнс туды ехаць, каб пасьпець усё ўбачыць. На Кубу зь беларускім пашпартам, які па сёньняшніх часах як нейкі праклён, пускаюць бязь візы. Быў таксама ў Мэксыцы, дзе вельмі шмат аб’ектаў UNESCO. Мы падарожнічалі па Мэксыцы тры тыдні — ад Канкуну да паўночных штатаў. Па тэрыторыі гэта як уся Эўропа.

Аляксей Ластоўскі ў храм Тафэт, Картаген, Туніс
Аляксей Ластоўскі ў храм Тафэт, Картаген, Туніс

— Эўропа не стаміла?

— Ёсьць такое адчуваньне. Італія, Гішпанія, Нямеччына, Францыя — ты ведаеш, што атрымаеш ад гэтых краінаў. Куды б мне сёньня хацелася паехаць сёньня — гэта Ірак і Афганістан. І гэта не таму, што я такі экстрэмал-самазабойца. Абедзьве краіны вельмі цікавыя сваёй культурай, хацелася б пабачыць Бабілён.

— На ваш погляд, якія яшчэ беларускія аб’екты маглі б трапіць у сьпіс UNESCO?

— Гэта прэстыжна і стварае наплывы турыстаў. Адна заяўка Беларусі развалілася, і вельмі шкада, што так адбылося. У сьпіс сусьветнай спадчыны хацелі ўключыць комплексы сталінскага нэаклясыцызму. Ідэя ішла ад немцаў, у іх таксама ў Бэрліне ёсьць такія аб’екты, плюс Палац навукі і культуры ў Варшаве, кіеўскі Храшчацік і менскі праспэкт Незалежнасьці. Гэта было б цікава і незвычайна. Таксама маглі б трапіць драўляныя ўніяцкія і праваслаўныя цэрквы Палесься. Яны вылучаюцца адметнай стылістыкай і маглі б пайсьці комплексным аб’ектам. Можа, як гістарычны горад, быў бы варты Полацак.

* * *

Глядзіце таксама ў інстаграме Радыё Свабода топ-7 аб’ектаў UNESCO, якія давялося пабачыць Аляксею Ластоўскаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG