Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі ўрадаў краін ЭАЭС абмеркавалі пашырэньне супрацы з Іранам, які папрасіў статус назіральніка


Пасяджэньне Эўразійскай міжурадавай рады праходзіла ў Нясьвіжы (Беларусь). 4 чэрвеня 2024
Пасяджэньне Эўразійскай міжурадавай рады праходзіла ў Нясьвіжы (Беларусь). 4 чэрвеня 2024

Расея заклікала краіны ЭАЭС хутчэй ратыфікаваць пагадненьне аб свабодным гандлі зь Іранам.

Іран 27 траўня накіраваў ноту з запытам аб далучэньні да Эўразійскай эканамічнай супольнасьці (ЭАЭС) у якасьці назіральніка.

«Хацеў бы інфармаваць аб зацікаўленасьці нашага гандлёвага партнэра Ірана ў атрыманьні статусу дзяржавы-назіральніцы. Адпаведную ноту камісія атрымала 27 траўня. У вызначаным парадку мы арганізуем усю неабходную працу», — працытавала старшыню калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжана Сагынтаева дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле яго, на пасяджэньні кіраўнікоў урадаў краін ЭАЭС разгледзелі 12 пытаньняў, у тым ліку аб стане канкурэнцыі на трансмежных рынках, разьвіцьці транспартнай інфраструктуры, лічбавізацыі грузавых і чыгуначных перавозак.

Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка прапанаваў больш актыўна ствараць у межах ЭАЭС таварныя біржы, найперш збожжавую, інструмэнты якой потым можна будзе маштабаваць на іншыя «стратэгічныя тавары».

«Стварэньні вялікіх спэцыялізаваных біржаў магло б павялічыць эканамічны інтарэс да нашага рэгіёну, забясьпечыць мультыплікатыўны эфэкт для горназдабыўной прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, расшырыла б магчымасьці ўплыву на ўсясьветныя рынкі», — заявіў Раман Галоўчанка.

Кіраўнік ураду Беларусі чарговы раз заявіў аб неабходнасьці ўзаемнага прызнаньня электроннага лічбавага подпісу, а таксама больш актыўнага заключэньня пагадненьняў аб свабодным гандлі з трэцімі краінамі, у прыватнасьці з Інданэзіяй, Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі і Манголіяй.

У сваю чаргу кіраўнік ураду Расеі Міхаіл Мішусьцін заклікаў краіны ЭАЭС апэратыўна завяршыць усе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры адносна пагадненьня аб свабодным гандлі з Іранам.

«Адна з задач на пэрспэктыву — забесьпячэньне набыцьця моцы поўнафарматным пагадненьнем аб свабодным гандлі зь Іранам, якое падпісалі летась у сьнежні. У Расеі Дзярждума на мінулым тыдні ўхваліла закон аб ратыфікацыі пагадненьня. Трэба, каб усе бакі апэратыўна завяршылі свае ўнутрыдзяржаўныя працэдуры», — заявіў Міхаіл Мішусьцін.

Прэм’ер-міністар Расеі падтрымаў далучэньне Ірану да ЭАЭС у якасьці назіральніка і запрасіў краіну да «канструктыўнага дыялёгу і расшырэньня практычнай супрацы».

Пасяджэньне Эўразійскай міжурадавай рады праходзіла ў Нясьвіжы.

ЭАЭС — Мытны зьвяз Эўразійскай эканамічнай супольнасьці — адзіная мытная прастора, створаная 6 ліпеня 2010 году ў выніку Менскай дамовы аб Мытным кодэксе. У арганізацыю ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG