Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Са сьнежня ў сувязі зь дзейнасьцю расейскіх і беларускіх службаў у Польшчы затрымалі 18 чалавек


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Агульная колькасьць усіх арыштаваных са сьнежня мінулага году ў сувязі зь дзеяньнямі расейскіх і беларускіх спэцслужбаў на тэрыторыі Польшчы складае 18 чалавек, заявіў 3 чэрвеня кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, каардынатар спэцыяльных службаў Томаш Семоняк.

«У нас няма ніякіх сумневаў у тым, што па загадзе спэцслужбы замежнай дзяржавы, а менавіта Расеі, дзейнічаюць людзі, гатовыя пагражаць жыцьцю, здароўю, маёмасьці польскіх грамадзян», — цытуе яго Gazeta Prawna.

На дадзены момант, заявіў Семоняк, «дзякуючы вельмі эфэктыўным дзеяньням Агенцтва ўнутранай бясьпекі і паліцыі 10 чалавек знаходзяцца пад вартай менавіта па абвінавачаньні ў плянаваньні або спробе зьдзяйсьненьня актаў сабатажу».

Ён дадаў, што, паводле яго ацэнкі, такая дзейнасьць — частка «вялікага цэлага, якое ўключае ў сябе расейскія або беларускія кібэратакі або ціск на мяжы».

Семоняк таксама адзначыў, што 10 чалавек з арыштаваных былі зьвязаныя з актамі сабатажу, «іншыя гісторыі з гэтых 18 былі таксама непасрэдна накіраваныя на нанясеньне ўдару па бясьпецы польскай дзяржавы», адна зь іх зьвязаная са спробай «зьдзейсьніць або арганізаваць замах на прэзыдэнта Ўкраіны».

29 траўня Ніжнесылескае аддзяленьне Нацыянальнай пракуратуры Польшчы прад’явіла абвінавачаньне па справе аб дзейнасьці на заданьне расейскай выведкі. Як паведаміла прэс-служба ведамства, па справе праходзяць тры чалавекі — двое грамадзян Беларусі і грамадзянін Польшчы.

28 траўня польскія СМІ паведамілі пра затрыманьне Агенцтвам унутранай бясьпекі некалькіх чалавек па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні падпалаў на тэрыторыі краіны. Заяўлялася, што ў ліку затрыманых два беларусы і паляк, якія плянавалі дывэрсіі на заданьне Галоўнага ўпраўленьня выведкі Расеі. Адным з затрыманых можа быць мянчук Сьцяпан Касьцючэнка, як вынікае з матэрыялаў, прадстаўленых «Позірку» абʼяднаньнем былых сілавікоў BelPol.

Пры ператрусе аўтамабіля Renault, які належыць грамадзяніну Беларусі, выяўленыя «пустыя каністры, буйная сума наяўных грошай у рознай валюце, а таксама кабэлі, лом і прадметы, якія нагадваюць батарэйкі».

21 траўня прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што сярод падазраваных у арганізаваных Расеяй спробах дывэрсій ёсьць грамадзяне Беларусі. Гаворка ішла, у прыватнасьці, пра спыненую спробу падпаліць завод па вытворчасьці фарбаў у Ўроцлаве.

«На дадзены момант у нас ёсьць дзевяць падазраваных, арыштаваных і абвінавачаных ва ўдзеле ў дывэрсіях у Польшчы на запыт расейскіх службаў. Гэта тычыцца нападу, падпалу і спробы падпалу», — сказаў ён.

Па словах палітыка, гаворка ідзе пра людзей з «крымінальнага сьвету»: «Гэта тычыцца грамадзян Украіны, Беларусі і Польшчы. Гэтае пытаньне ня носіць нацыянальнага характару».

Такія дзеяньні плянаваліся таксама ў Літве, Латвіі і Швэцыі, сьцьвярджае кіраўнік польскага ўраду.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG