Пра гэта заявіў 2 чэрвеня ў этэры тэлеканалу СТБ намесьнік камандуючага ВПС і войскамі СПА — начальнік авіяцыі Леанід Давідовіч.
«Фон вучэньняў і тактычныя эпізоды», якія беларускія і расейскія лётчыкі плянавалі адпрацаваць падчас іх, «былі дастаткова насычаныя», сказаў ён.
«Мэта вучэньняў была ў тым, каб навучыць і паглядзець, як працуюць камандзіры вайсковых частак, як працуюць іх штабы ў прыняцьці рашэньняў», — удакладніў начальнік авіяцыі. Паводле яго, была задзейнічана «вялікая частка авіяцыі ВПС Беларусі: усе авіябазы, усе тыпы самалётаў». Таксама быў дасягнуты «максымальны ахоп асабовага складу, максымальны спэктар выкананьня ўсіх задач».
У ходзе вучэньняў досьведам «больш дзяліліся расейскія лётчыкі», адзначыў Давідовіч.
Паводле яго сьцьвярджэньня, усе дні актыўнай фазы вучэньняў за імі сачылі самалёты далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня ўласнай авіяцыяй краін NATO, «у небе над Польшчай і краінамі Балтыкі ўвесь час віселі некалькі самалётаў».
Камэнтуючы нядаўнія сумесныя з Расеяй вучэньні ў прымяненьні нестратэгічнай ядзернай зброі, ён падкрэсьліў, што ў гэтым кірунку беларускія лётчыкі і інжынэрна-тэхнічны склад ужо прайшлі «ўвесь цыкль тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі».
Аб пачатку сумесных лётна-тактычных вучэньняў прэс-служба беларускага Міністэрства абароны паведамляла 27 траўня. Манэўры працягваліся да 31 траўня.
Форум