Афіцыйны сайт кіраўніка Расеі 23 траўня ў 23:30 апублікаваў стэнаграму пратакольнай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў менскім аэрапорце. На ёй Лукашэнка адзначыў традыцыю працяглых позьніх перамоў з расейскім прэзыдэнтам.
«Я ехаў і думаў: у нас такая традыцыя склалася, што ў нас заўсёды няма часу днём пачаць перамовы, мы да поўначы заўсёды. [...] Але, я думаю, нічога страшнага. У вас сёньня цяжкі дзень, з каралём Бахрэйну цяжкія перамовы, няпростыя», — сказаў Лукашэнка Пуціну.
Пуцін зь ім не пагадзіўся і паведаміў, што перамовы з каралём Бахрэйну былі «прыемныя».
Лукашэнка прывітаў Пуціна «на роднай яму беларускай зямлі» і сказаў, што «беларускі народ вельмі рады будзе знаць» пра ягоны візыт у Беларусь. Ён таксама прапанаваў абмеркаваць агульныя дачыненьні Расеі і Беларусі зь Кітаем.
«Я думаю, Сі Цзіньпін будзе рады, што мы абмяркоўваем гэтыя пытаньні. У мяне ёсьць вельмі цікавая прапанова па нашым рэгіёне і далей туды, па Каўказкім [рэгіёне], мы вельмі сур’ёзна абмяркоўвалі гэта нядаўна, у часе візыту ў Азэрбайджан. Я думаю, што, як звычайна, мы пытаньні бясьпекі [вынесем] на першы плян, а заўтра абмяркуем эканамічныя пытаньні разам з нашымі калегамі з урадаў», — заявіў Лукашэнка.
Уладзімір Пуцін паведаміў, што перад сустрэчай з Лукашэнкам правёў кансультацыі са сваім урадам па шэрагу кірункаў супрацы зь Беларусьсю, у тым ліку ў прамысловай каапэрацыі, у энэргетыцы, сельскай гаспадарцы і ў пытаньнях бясьпекі.
«Мы сёньня і заўтра ўсё гэта абмяркуем, у тым ліку і пытаньні бясьпекі, якім вы надаяце пастаянна вялікую ўвагу. Тут таксама ёсьць пра што пагаварыць. Усё ў нас стабільна, усё складаецца добра. Пагаворым, вядома, і пра вучэньні — пра другую фазу вучэньняў, гэта зьвязана зь непасрэдным удзелам у гэтых мерапрыемствах нашых беларускіх сяброў, калег у вайсковай сфэры. Увогуле, у нас вельмі вялікі парадак дня. Я вельмі рады, што ўдалося прыехаць менавіта сёньня, каб спакойна, выкарыстоўваючы гэты нефармальны час, пагаварыць аб усіх гэтых пытаньнях», — падкрэсьліў Пуцін.
Уладзімір Пуцін знаходзіцца зь візытам у Беларусі 23–24 траўня.
Пуцін і Лукшэнка сустракаюцца часта. Звычайна Лукашэнка едзе ў Расею, каб сустрэцца з Пуціным. У 2000–2024 гадах Аляксандар Лукашэнка прыяжджаў у Расею 131 раз (рэкорд сярод лідэраў краін СНД), зь іх 68 — для двухбаковых перамоваў з Пуціным на найвышэйшым узроўні, 58 — для ўдзелу ў афіцыйных і нефармальных самітах СНД, АДКБ, ЭўрАзЭС, ЭАЭС і паседжаньнях Вышэйшага дзяржаўнага савета так званай «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі.
З 2022 году Лукашэнка наведваў Расею і сустракаўся з Пуціным мінімум 20 разоў.
Пуцін бываў у Беларусі значна радзей: з 2000 году — сама меней 25 разоў, з 2022 году — прынамсі тройчы.
Форум