Паводле інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэту, на месцы затрыманьня знайшлі «камплектуючыя для зборкі БПЛА, паветраную вінтоўку „саматужнай вытворчасьці“, нямецкую вінтоўку Mauser, боепрыпасы калібру 7.62 мм, кулі для дробнакалібэрнай вінтоўкі, таксама значкі, шаўроны і мэдалі Францускага Замежнага легіёну».
Ведамства сьцьвярджае, што ў 2000–2005 гадах мужчына служыў у Францускім легіёне, удзельнічаў у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Афрыкі.
«Са слоў затрыманага, цяпер ягонае хобі — зборка бесьпілётнікаў для асабістых мэтаў», — гаворыцца ў паведамленьні.
Затрыманага зьмясьцілі ў ізалятар Маладачанскага РАУС, на яго завялі крымінальную справу.
У красавіку і траўні Дзяржаўны памежны камітэт паведаміў пра чатыры выпадкі незаконнага выкарыстаньня бесьпілётнікаў у памежжы, агулам затрымалі сем чалавек.
1 красавіка набыў моц указ № 297 «Аб дзяржаўным уліку і эксплюатацыі цывільных бесьпілётных лятальных апаратаў». Дакумэнт забараніў увоз, захоўваньне, абарот, эксплюатацыю і выраб бесьпілётнікаў і выкарыстаньне імі паветранай прасторы Беларусі без належнага дазволу.
У выніку атакі БПЛА 26 лютага 2023 году ў Мачулішчах (Менскі раён) атрымаў пашкоджаньні і быў транспартаваны на рамонт у Расею дарагі расейскі вайсковы самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня А-50.
7 сакавіка летась, тлумачачы прычыны дывэрсіі на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах, Лукашэнка заявіў, што сыстэмы СПА не змаглі выявіць дрон з выбухоўкай, бо ён быў «маленькі».
- Францускі легіён — злучэньне ў складзе сухапутных войскаў Францыі, якое камплектуецца пераважна з замежнікаў. Быў створаны ў 1831 годзе як падразьдзяленьне для баявых дзеяньняў па-за межамі Францыі. У ім служаць каля 9 тысяч чалавек.
Форум