Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд Эўразьвязу пакінуў у сіле санкцыі супраць «Белавія»


Самалёт авіякампаніі «Белавія». Ілюстрацыйнае фота
Самалёт авіякампаніі «Белавія». Ілюстрацыйнае фота

Эўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі ў Люксэмбургу адмовіўся здымаць санкцыі і пастанавіў, што «Белавія» мае аплаціць судовыя выдаткі.

Эўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі ў Люксэмбургу разгледзеў пазоў авіякампаніі «Белавія» супраць Рады Эўрапейскага зьвязу, у якім пазоўнік патрабаваў зьняць зь яго санкцыі.

«Белавія» ў сваім пазове заявіла пра «памылку ў ацэнцы Рады Эўразьвязу» і заявіла, што іншыя авіякампаніі таксама перавозілі ў Беларусь людзей, якія пасьля спрабавалі нелегальна перасекчы мяжу з ЭЗ.

«Белавія» таксама заявіла, што не атрымлівала інструкцый ад беларускага ўраду выконваць палёты з мэтай садзейнічаньня нелегальнаму перасячэньню межаў.

Суд адмовіўся здымаць санкцыі і пастанавіў, што «Белавія» мусіць аплаціць судовыя выдаткі.

У пастанове суду сьцьвярджаецца, што заяўнік зьяўляецца дзяржаўнай нацыянальнай авіякампаніяй і што Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што яго адміністрацыя акажа ёй усялякую падтрымку пасьля рашэньня ЭЗ аб увядзеньні забароны на пралёт паветранай прасторы ЭЗ і доступ у аэрапорты Эўразьвязу ўсім беларускім авіяперавозчыкам. Для гэтага ён дамовіўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным аб плянаваньні адкрыцьця для кампаніі новых маршрутаў.

Кіраўніцтва кампаніі таксама загадала сваім супрацоўнікам не пратэставаць супраць парушэньняў на выбарах і масавых затрыманьняў у Беларусі, бо авіякампанія зьяўляецца дзяржаўным прадпрыемствам.

«Такім чынам заяўнік атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго», — гаворыцца ў рашэньні суду.

Апрача таго, там указана, што кампанія займалася дастаўкай мігрантаў з Блізкага Усходу ў Беларусь.

«Такім чынам заяўнік спрыяе дзейнасьці рэжыму Лукашэнкі, якая садзейнічае незаконнаму перасячэньню вонкавых межаў ЭЗ», — адзначыаецца ў афіцыйным паведамленьні Эўрапейскага суду агульнай юрысдыкцыі ў Люксэмбургу.

Усе ранейшыя спробы беларускіх бізнэсоўцаў, чыноўнікаў і прадпрыемстваў апратэставаць санкцыі ў Эўрапейскім судзе скончыліся беспасьпяхова. Адзіным выключэньнем стала ААТ «Белшына».

Санкцыі супраць «Белавія»

  • 2 сьнежня 2021 году, пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску і затрыманьнем блогера Рамана Пратасевіча і грамадзянкі РФ Соф’і Сапегі, Эўрапейскі зьвяз увёў санкцыі супраць «Белавія» 2 сьнежня 2021 году.
  • Цяпер «Белавія» ня можа лятаць у эўрапейскія краіны і ЗША, яе самалёты ня могуць пралятаць над гэтымі краінамі.
  • ЗША таксама прыпынілі пагадненьне аб авіязносінах зь Беларусьсю.
  • У лютым 2023 году турэцкая кампанія Havaş адмовілася запраўляць і абслугоўваць самалёты з Расеі, Беларусі і Ірану (у прыватнасьці, Boeing і Airbus), аснашчаныя больш як на 25% дэталямі амэрыканскай вытворчасьці. Самалёты трапілі пад абмежаваньні Міністэрства гандлю ЗША, уведзеныя вясной 2022 году ў адказ на вайну, распачатую Расеяй супраць Украіны.
  • 14 сакавіка Міністэрства мытні і гандлю Турэччыны канчаткова ўвяло забарону на абслугоўваньне самалётаў, вырабленых у ЗША, якія належаць беларускай кампаніі «Белавія». Забарона датычыць 9 самалётаў.
  • 9 жніўня 2023 году ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускай авіякампаніі «Белавія».
  • У канцы 2023 году было вядома, што «Белавія» выконвае рэгулярныя рэйсы ў 21 аэрапорт 10 дзяржаў, заявіў 25 кастрычніка намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Сівак.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG