Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта заявіў, што ягоная краіна ня будзе падтрымліваць рашэньні Эўразьвязу, якія «нэгатыўна ўплываюць на нацыянальныя інтарэсы краіны, яе эканоміку і разьвіцьцё кантактаў зь Беларусьсю».
«Наша рашучасьць і наша пазыцыя адназначныя: ва ўсіх галінах, якіх не датычаць санкцыі, Вугоршчына зацікаўленая ў разьвіцьці супрацы. А для разьвіцьця супрацы мы дамо любую падтрымку. Мы пра гэта гаворым адкрыта, ня ўтойваем нічога», — працытавала Пэтэра Сіярта дзяржаўнае агенцтва БелТА.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 29 траўня з удзелам двух міністраў Сяргея Алейніка і Пэтэра Сіярта прайшло пасяджэньне міжурадавай беларуска-вугорскай камісіі ў эканамічнай супрацы, у часе якой абмяркоўваюць «тэмы ўзаемадзеяньня ў сфэры энэргетыкі, прамысловай каапэрацыі, аховы здароўя, фармацэўтыкі, будаўніцтва, спорту, турызму, адукацыі і навукі».
Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік падкрэсьліў, што цяперашні візыт Пэтэра Сіярта «пацьвярджае ўзаемную цікаўнасьць Беларусі і Вугоршчыны ва ўмацаваньні супрацы». Паводле яго, піша БелТА, «гэты факт набывае асаблівую значнасьці на тле падзей, якія адбываюцца ў рэгіёне».
Пазьней стала вядома, што Беларусь і Вугоршчына падпісалі «дарожную мапу аб супрацы АЭС».
Як паведамілі ў «Белэнэрга», на падставе гэтага дакумэнт «беларускія і вугорскія адмыслоўцы будуць дзяліцца лепшымі практыкамі як у сфэры эксплуатацыі абсталяваньня, так і падрыхтоўкі пэрсаналу.
Вугоршчына таксама заявіла аб магчымасьці запрашэньня беларускіх будаўнікоў да выкананьня прац на станцыі «Пакш II», якая цяпер будуецца.
У межах трэцяга візыту Пэтэра Сіярта ў Менск пройдзе яшчэ і бізнэс-форум, які адкрыюць кіраўнікі МЗС Беларусі і Вугоршчыны.
Перад сваёй паездкай Пэтэр Сіярта заявіў, што ягоная мэта — «разьвіцьцё супрацы зь Беларусьсю ў сфэрах, супраць якіх не ўвялі санкцый». Паводле яго, у складзе дэлегацыі — кіраўнікі 24 вугорскіх кампаній.
Сустракаючыся зь Сяргеем Алейнікам, вугорскі міністар чарговы раз заявіў аб неабходнасьці кантактаў зь Беларусьсю.
«Калі мы адключым каналы сувязі, то міру ніколі ня будзе. Аднак калі міру ня будзе, то вар’яцкія ідэі, напрыклад абавязковы эўрапейскі прызыў у войска, застануцца. Аднак мы ня хочам і не дазволім, каб маладых вугорцаў бралі на вайну паміж украінцамі і расейцамі», — напісаў Пэтэр Сіярта на сваёй старонцы ў Facebook. Адпача таго ён дадаў:
«Мы нарошчваем супрацоўніцтва ў сельскагаспадарчай галіне, бо пасьля леташніх 9,5 мільёна інкубацыйных яек цяпер у краіну прыбываюць 420 тысяч вугорскіх сутачных куранят, а ў галіне фармацэўтычнай прамысловасьці ў мясцовых аптэках ужо можна набыць 95 вугорскіх лекаў».
Што папярэднічала
Першы свой візыт у Беларусь ён зрабіў у лютым 2023 году, пасьля чаго ў Менску пачала сваю дзейнасьць вугорская амбасадарка.
У часе свайго другога візыту 26-27 кастрычніка 2023 году Пэтэр Сіярта ўзяў удзел канфэрэнцыі «Эўразійская бясьпека: рэальнасьць і пэрспэктывы ў сьвеце, які трансфармуецца».
Кожны раз у Менску на сустрэчах з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Алейнікам і Аляксандрам Лукашэнкам Пэтэр Сіярта заяўляў аб важнасьці падтрыманьня «каналаў камунікацыі».
«На жаль, ня будзе перабольшваньнем сказаць, што глябальная бясьпека цяпер у найбольш жахлівай форме з часоў заканчэньня халоднай вайны. Ёсьць дзьве вялікія вайны, якія вызначаюць глябальную бясьпеку ў цяперашні момант. Адна зь іх ідзе проста ў нас па суседзтве, бо мы суседзі з Украінай. І другая адбываецца непасрэдна побач з Эўропай. І наступствы гэтага ваеннага канфлікту сур’ёзна ўплываюць на нас», — заявіў вугорскі міністар 26 кастрычніка 2023 году ў Менску.
Форум