21 траўня арганізацыя Article 19 апублікавала штогадовую справаздачу (The Global Expression Report) пра стан свабоды слова ў сьвеце. Зь яе вынікае, што 53% жыхароў сучаснага сьвету ня могуць свабодна выказваць сваю думку. Гэта найгоршы паказчык у XXI стагодзьдзі, бо летась у такіх умовах жыло толькі 34% насельніцтва плянэты.
У рэйтынгу The Global Expression Report 2024 Беларусь займае 158-е месца з 161. Яшчэ горш са свабодай слова ў сьвеце толькі ў трох краінах: Паўночнай Карэі (161 месца ў рэйтынгу), Эрытрэі (160) і Нікарагуа (159).
Беларусы маюць менш магчымасьцяў свабодна выказваць сваю думку, чым жыхары амаль усіх краін сьвету, у тым ліку Туркмэністану (157-е месца), Кітаю (156), Афганістану (155), Сырыі (154), М’янмы (153), Кубы (152), Саудаўскай Арабіі (150), Ірану (149).
Найлепшая ў сьвеце сытуацыя са свабодай слова — у Даніі (1-е месца ў рэйтынгу), Швайцарыі (2-е месца), Швэцыі (3-е), Бэльгіі (4-е) і ў адной з былых савецкіх рэспублік — Эстоніі (5-е).
Іншыя краіны-суседкі Беларусі ў рэйтынгу: Латвія — на 19 месцы з 161, Літва — на 31-ым, Польшча — на 69-м, Украіна — на 99-м, Расея — на 148-м месцы.
Агулам, згодна з рэйтынгам Article 19, цяпер у сьвеце
- 38 краінаў, у якіх людзі валодаюць поўнай свабодай слова, — агулам гэта 16% насельніцтва плянэты (1,287 млрд чалавек);
- 35 краінаў, у якіх свабода слова крыху абмежаваная, — гэта 7% насельніцтва плянэты (531 млн чалавек);
- 25 краінаў, у якіх свабода слова абмежаваная, — 15% насельніцтва плянэты (1,161 млрд чалавек);
- 24 краіны, у якіх свабода слова моцна абмежаваная, — 10% насельніцтва плянэты (773 млн чалавек);
- 39 крызісных краінаў, у якіх у людзей свабоды слова няма (да іх адносіцца Беларусь), — гэта 53% насельніцтва плянэты (4,212 млрд чалавек).
Article 19 — міжнародная праваабарончая арганізацыя, створаная ў Вялікай Брытаніі ў 1987 годзе. Для падрыхтоўкі сваёй штогадовай справаздачы спэцыялісты Article 19 выбралі 25 паказчыкаў, кожны зь якіх ацэньваецца па шкале ад 0 да 100. Агульны бал выводзіцца як сярэдняе арытмэтычнае з 25 адзнак, атрыманых кожнай краінай. Беларусь па выніках ацэнкі атрымала ўсяго 1 бал (столькі ж — Эрытрэя і Нікарагуа, нуль балаў атрымала КНДР; у першай дзяржавы ў рэйтынгу, Даніі, — 95 балаў).
Форум