Паводле афіцыйных зьвестак, на цэнтралізаванае тэставаньне запісалася каля 54,9 тысячы абітурыентаў, піша БелТА.
Выпрабаваньні стартуюць па ўсёй Беларусі адначасова аб 11:00.
«Здаваць сёньня будуць ЦЭ ў 144 пунктах і ЦТ у 40 пунктах са 144, гэта значыць у апошніх будзе праходзіць і ЦЭ, і ЦТ. На цэнтралізаваны экзамэн запісалася каля 55,7 тысячы выпускнікоў. Найбольш запатрабаванымі прадметамі выявіліся: расейская мова, яе будуць здаваць каля 44,2 тысячы адзінаццаціклясьнікаў, матэматыку будуць здаваць каля 19,7 тысячы чалавек, беларускую мову — каля 11,5 тысячы, біялёгію — каля 10,1 тысячы, грамадазнаўства — 8,6 тысячы, ангельская мова — 5,8 тысячы, гісторыю Беларусі — 5,7 тысячы. Сёньня выпускнікі здаюць толькі профільныя прадметы па выбары, 30 траўня яны пройдуць выпрабаваньні ў расейскай або беларускай мове таксама на выбар таго, хто экзамэнуецца», — расказаў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юры Міксюк.
3 чэрвеня абітурыенты здадуць матэматыку, біялёгію, замежныя мовы, геаграфію, сусьветную гісторыю (найноўшы час), а 6 чэрвеня пройдуць выпрабаваньні ў фізыцы, хіміі, гісторыі Беларусі, грамадазнаўстве.
Што важна ведаць выпускнікам і абітурыентам
- На ЦТ трэба зьявіцца загадзя. Варыянты экзамэнацыйных заданьняў засакрэчаныя, яны будуць дастаўленыя фэльд’егерскай службай непасрэдна ў пункты здачы.
- Удзельнік павінен прыбыць у пункт правядзеньня з пропускам, дакумэнтам, які сьведчыць асобу (пашпарт, ID-карта (плястыкавая смарт-картка), пасьведчаньне на права жыхарства ў Беларусі, пасьведчаньне уцекача, даведка, якая выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумэнта, які сьведчыць асобу), ручкай (гелевай ці капілярнай) з чарнілам чорнага колеру.
- Выйсьці з аўдыторыі падчас ЦЭ або ЦТ можна толькі па важнай прычыне (у тым ліку дрэннае самаадчуваньне, фізіялягічныя патрэбы) і толькі ў суправаджэньні пэдагагічнага работніка.
- Інфармацыю аб выніках ЦЭ ці ЦТ можна будзе атрымаць на сайце Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў.
- Сэртыфікат удзельніку ЦЭ выдадуць у яго ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі пад подпіс пры прад’яўленьні дакумэнта, які пацьвярджае асобу.
- Сэртыфікат ЦТ абітурыент атрымлівае ў пункце, у якім ён праходзіў тэставаньне, пад подпіс пры прадʼяўленьні дакумэнта, які сьведчыць асобу, з якім ён праходзіў ЦТ, дакумэнта аб адукацыі і пропуску з адзнакай «Тэставаньне прайшоў».
Форум