ААН прыняла рэзалюцыю аб штогадовым ушанаваньні памяці ахвяраў генацыду ў Срэбраніцы ў Босьніі і Герцагавіне 1995 году. Галасаваньне за рэзалюцыю сутыкнулася з жорсткім супрацівам сэрбаў, якія і амаль праз 30 гадоў адмаўляюцца на дзяржаўным узроўні прызнаць віну ў генацыдзе башнякоў.
84 краіны-сябры Генэральнай асамблеі з 193 прагаласавалі за прапанову, 68 устрымаліся і 19 выказаліся супраць, у тым ліку Беларусь. Таксама супраць рэзалюцыі галасавала Расея. Украіна рэзалюцыю ўхваліла.
Рэзалюцыя абвяшчае 11 ліпеня Міжнародным днём памяці аб генацыдзе ў Срэбраніцы 1995 году, засноўваючы такім чынам штогадовы дзень памяці аб расправе больш як над 8000 басьнійскіх мусульман, мужчын і хлопчыкаў.
Рэзалюцыя выклікала пратэсты з боку прэзыдэнта Сэрбіі Аляксандра Вучыча і кіраўніцтва басьнійскіх сэрбаў, якія імкнуліся заблякаваць прыняцьце рэзалюцыі. Міжнародныя СМІ сёньня ж распаўсюдзілі чарговую заяву кіраўніка апошніх Міларада Додзіка пра магчымасьць выхаду аўтаномнай Рэспублікі Сэрбскай са складу Босьніі і Герцагавіны. У самой Срэбраніцы, якая месьціцца на тэрыторыі Рэспублікі Сэрбскай, сэрбскія нацыяналісты вывесілі лёзунг «Мы ня нацыя генацыдатворцаў», такі самы лёзунг зьявіўся і ў Бялградзе.
Неабавязковая рэзалюцыя асуджае «без агаворак любое адмаўленьне генацыду ў Срэбраніцы як гістарычнай падзеі». Дакумэнт таксама «без агаворак асуджае дзеяньні, якія праслаўляюць тых, хто асуджаны міжнароднымі судамі за ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасьці і генацыд, у тым ліку адказных за генацыд у Срэбраніцы».
Масавае забойства башнякоў у ліпені 1995 году, учыненае сіламі басьнійскіх сэрбаў, было прызнана Міжнародным трыбуналам па былой Югаславіі актам генацыду. Больш за 50 чалавек былі асуджаныя прыкладна на 700 гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у масавых забойствах.
Радаван Караджыч, першы прэзыдэнт (1992–1995) Рэспублікі Сэрбскай, аднаго з двух суб’ектаў, якія ўваходзяць у склад Босьніі і Герцагавіны, быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне за генацыд у Срэбраніцы і злачынствы супраць чалавечнасьці. Ратка Младзіч, вайсковы камандзір басьнійскіх сэрбаў, таксама быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне тым самым судом за ўдзел у генацыдзе.
Аднак сэрбскія нацыяналісты, а таксама цяперашнія ўлады Сэрбіі і Рэспублікі Сэрбскай не прызнаюць віны за генацыд. Напярэдадні цяперашняга галасаваньня ў Нью-Ёрку сэрбскі прэзыдэнт Вучыч заявіў, што Сэрбія «папрасіла дружалюбную Расейскую Фэдэрацыю гэтым разам стаць на абарону гонару і годнасьці сэрбскага народу».
Наташа Кандзіч зь Бялградзкага фонду гуманітарнага права заявіла, што адмаўленьне Сэрбіяй факту генацыду ў Срэбраніцы «распаліла нацыяналізм і экстрэмізм у краіне».
Кандзіч дадала, што аспрэчваньне Сэрбіяй рэзалюцыі ААН ставіць краіну на няслушны бок гісторыі.
«Пасьля ІІ усясьветнай вайны нічога такога жудаснага ніколі не адбывалася. Гэта трэба прызнаць, і гэты дзень памяці ахвяраў генацыду — найменшае, што можна зрабіць», — сказала Кандзіч Балканскай службе Радыё Свабода.
Форум