Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдова заключыла з Эўразьвязам пагадненьне аб партнэрстве ў сфэры абароны


Дорын Рэчан (злева) і Жузэп Бурэль
Дорын Рэчан (злева) і Жузэп Бурэль

Малдова падпісала з Эўразьвязам пагадненьне аб партнэрстве ў галіне бясьпекі і абароны. Як адзначыў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Жузэп Бурэль, гэта першая краіна, якая заключыла з эўрапейскім блёкам такое пагадненьне.

«Гэтае партнэрства ўмацуе ўстойлівасьць краіны... дазволіць сумесна вырашаць агульныя пытаньні бясьпекі, зрабіць наша ўзаемадзеяньне больш эфэктыўным і дасьледаваць новыя галіны супрацоўніцтва», — напісаў Бурэль у сацсетцы X.

Цырымонія падпісаньня дакумэнту адбылася ў Брусэлі пры ўдзеле ўрадавай дэлегацыі з Кішынёва на чале з прэм’ер-міністрам Дорынам Рэчанам і віцэ-прэмʼерам у пытаньнях эўрапейскай інтэграцыі Крысьцінай Герасімавай.

У праекце пагадненьня, зь якім азнаёмілася Малдоўская служба Радыё Свабода, гаворыцца, што ў будучыні Малдова магла б удзельнічаць, калі пажадае, у новай эўрапейскай структуры рэагаваньня на крызісы ў суседніх краінах. Сярод іншых сфэраў супрацоўніцтва згаданыя грамадзянская абарона, шырокі абмен інфармацыяй, барацьба з кібэрпагрозамі, дапамога Малдове ў прасоўваньні сваіх інтарэсаў на міжнародных пляцоўках, у тым ліку ў ААН.

Таксама згадваецца магчымасьць удзелу Кішынёва ў праектах ЭЗ у сфэры абароннай прамысловасьці, намер Брусэля больш падтрымліваць Малдову ў ахове межаў, у тым ліку ў барацьбе зь нелегальнай міграцыяй і гандлем людзьмі, а таксама з арганізаванай злачыннасьцю і кантрабандай зброі.

Новае пагадненьне ідзе за шэрагам іншых сумесных крокаў, зробленых Малдовай і ЭЗ у сфэры бясьпекі і абароны, асабліва ў сьвятле поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, якое працягваецца зь лютага 2022 году, адзначае Малдаўская служба.

Малдова, якую ўзначальвае празаходні прэзыдэнт Мая Санду, падтрымлівае курс на ўступленьне краіны ў Эўразьвяз і NATO. Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны Санду рашуча асудзіла ўварваньне. Яна ня раз заяўляла пра спробы расейскіх уладаў дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне, у тым ліку праз умяшаньне ў выбарчы працэс. Масква называла гэтыя заявы неабгрунтаванымі і нічым не пацьверджанымі абвінавачваньнямі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG