У Малдове на палігонах Нацыянальнай арміі пачаліся вучэньні JCET-2024 (Joint Combined Exchange Training), у якіх удзельнічаюць вайскоўцы з Румыніі і ЗША.
Вучэньні, якія, як адзначаецца на афіцыйным сайце Міністэрства абароны Малдовы, зьяўляюцца плянавымі, будуць працягвацца да 19 красавіка.
«Мэта вучэньняў — супольная падрыхтоўка і абмен досьведам паміж падразьдзеламі спэцыяльнага прызначэньня Малдовы, Румыніі і Амэрыкі, а таксама павышэньне ўзроўню апэратыўнай сумяшчальнасьці кантынгентаў», — паведамілі ў Міністэрстве абароны Малдовы.
Шостага сакавіка кіраўнік Службы бясьпекі і выведкі Малдовы Александру Мусьцяцэ папярэдзіў, што Расея зьбіраецца ўмешвацца ў выбары і сабатаваць працэс уступленьня Малдовы ў Эўразьвяз.
7 сакавіка ў Парыжы прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду падпісалі двухбаковае пагадненьне аб абаронным і эканамічным супрацоўніцтве.
19 сакавіка Міністэрства замежных спраў Малдовы абвясьціла аднаго з супрацоўнікаў расейскай амбасады ў Кішынёве пэрсонай нон-грата і ўручыла паслу Расеі ў Малдове адпаведную ноту. Гэта адбылося пасьля таго, як Расея насуперак забароне ўладаў Малдовы адкрыла выбарчыя ўчасткі ў Прыднястроўскім рэгіёне Малдовы.