Літоўская вэтэрынарная служба ўзмацняе жорсткасьць правілаў увозу хатніх жывёл з Расеі і Беларусі.
Галоўны дзяржаўны вэтэрынар літоўскай пагранічнай службы Аліцыя Заранковіч паведаміла, што сёлета з 16 верасьня гаспадары жывёл павінны будуць прад’яўляць вынікі сэралягічнага тэсту сваіх гадаванцаў на антыцелы да вірусу шаленства. Раней было дастаткова адзнакі аб дзейнай прышчэпцы ад шаленства ў вэтэрынарным пашпарце і чыпа.
Заранковіч адзначыла, што летась 63 жывёліны з Расеі ці Беларусі не былі дапушчаныя ў Літву з прычыны неадпаведнасьцяў у дакумэнтах.
Сэралягічны тэст для ўвозу жывёл давядзецца рабіць у лябараторыі, акрэдытаванай Эўразьвязам. У Расеі ёсьць некалькі такіх лябараторый — у Маскве, ва Ўладзіміры і Ўладзімірскай вобласьці.
Узмацненьне правілаў тычыцца сабак, катоў і тхароў. Заранковіч заявіла, што новыя правілы будуць дзейнічаць ня толькі для Літвы, але і для ўсіх краін Эўразьвязу.
Форум