Як адзначае мастак-мураліст зь Менску Канстанцін Пархомчык, у наступныя два месяцы ў Слуцку зьявяцца 8 новых муралаў. Прычым усе зь іх намалюе ён сам. Мастаку з тэхнікай дапамагае брат, які перавозіць канструкцыі ад аднаго дому да другога. Карціну ж Канстанцін стварае сам.
Пра сваю тэхніку маляваньня, месцы, дзе ён гэтаму вучыўся і асаблівасьцям стварэньня муралаў Канстанцін Пархомчык расказаў ТыкТок-каналу Slutskgorod.
Ён адзначыў, што ў мурала, які атрымліваецца па выніку, заўсёды ёсьць пэўныя разыходжаньні з арыгінальным малюнкам. Але, на думку жывапісца, яны не павінны складаць больш за 10%. Часам атрымліваецца ўдасканаліць першапачатковы эскіз.
Пры стварэньні сеткі з клетачкамі і прапорцый людзей, жывёлаў і прадметаў Канстанцін не карыстаецца праектарам, робячы ўсё на ўласнае вока.
У гэтыя дні ствараецца мурал са славутай князёўнай Анастасіяй Слуцкай. Твар князёўны Пархомчык не змалёўвае зь нейкай крыніцы, а карыстаецца ўласным уяўленьнем. Ужо неўзабаве Анастасія Слуцкая як вершніца на кані будзе завершаная, і жыхары Слуцку пабачаць поўны малюнак.
Форум