Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграма выкладаньня гісторыі ў Беларусі падганяецца пад расейскую афіцыйную трактоўку — iSANS


15–17 мая ў Менску праходзіць экспэртна-кансультацыйная беларуска-расейская рада, дзе абмяркоўваецца «максымальная збалянсаванасьць» выкладаньня гісторыі ў школах, прафтэхустановах і ВНУ РФ і Беларусі.

Пра тое, што гэта значыць, выданьню Reform.news расказаў на ўмовах ананімнасьці экспэрт дасьледнага цэнтру iSANS.

«Адбываецца збліжэньне і выпрацоўка адзіных пазыцый па асноўных гістарычных падзеях, іх трактоўцы і распрацоўка таго, як гэта падаваць у вучэбнай літаратуры. Беларуская адукацыя, згодна з плянамі расейскага кіраўніцтва, павінна цалкам адпавядаць расейскай карціне сьвету, яе парадыгме і бачаньню. Прадугледжваецца ўдакладненьне і збліжэньне пазыцый па такіх пытаньнях, як: паўстаньне 1863–1864 гадоў, яго ўплыў і характар; пэрыяд гісторыі Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі з „адбельваньнем“ гэтага пэрыяду для Беларусі.

Натуральна, любыя адрэзкі гісторыі Беларусі, зьвязаныя з Расеяй, будуць прадстаўленыя станоўча. Ужо распачатая праца ў гэтым кірунку, гэта бачна па спробах перагляду ацэнкі асобы генэрал-губэрнатара Мураўёва. У цэлым будзе спроба перагляду пэрыяду ВКЛ і Рэчы Паспалітай у гісторыі Беларусі», — кажа экспэрт.

Паводле яго, пэрыяд знаходжаньня ў складзе Рэчы Паспалітай будзе прадстаўлены з выключна нэгатыўнага пункту гледжаньня, усе антырасейскія паўстаньні будуць разглядацца як антынародныя. І наадварот, уключэньне беларускіх земляў у склад Расеі будзе разглядацца як пазытыўная падзея, якая «спрыяла аднаўленьню традыцыйных каштоўнасьцяў народу».

Суразмоўца Reform.news сумняецца, што падручнікі гісторыі для Расеі і Беларусі будуць сынхранізаваныя цалкам.

«Наўрад ці справа дойдзе да адзіных школьных падручнікаў, але вось будзе „карэктавацца“ тое, што ўжо напісана. Асабліва важным будзе падручнік для 11 клясы, які масава зьявіцца ў школах у 2025 годзе, бо менавіта ён будзе закранаць пэрыяды знаходжаньня Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі, СССР, а таксама гісторыю незалежнай Беларусі», — адзначае экспэрт.

У нарадзе ў Менску бярэ ўдзел Уладзімір Мядзінскі — былы міністар культуры Расеі, нядаўна прызначаны памочнікам прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Экспэрт іSANS лічыць што актыўны ўдзел у гэтым працэсе Мядзінскага можа сьведчыць пра тое, што новыя падручнікі і дапаможнікі будуць вельмі падобныя да скандальных падручнікаў Мядзінскага для расейскіх школ. «У іх увесь пэрыяд разьвіцьця Расеі пасьля 1945 году разглядаецца як супрацьстаяньне „патрыятычных сіл“ і „калектыўнага Захаду“, які пастаянна імкнуўся нашкодзіць СССР і Расеі», — сказаў экспэрт iSANS.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG