Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады акупаванай часткі Запароскай вобласьці заявілі пра пляны наладзіць вытворчасьць трактароў МТЗ


Адзін з трактароў «Беларус» на выстаўцы ў Данецку, 2028 год
Адзін з трактароў «Беларус» на выстаўцы ў Данецку, 2028 год

Адміністрацыя акупаванай Расеяй часткі Запароскай вобласьці Ўкраіны разглядае магчымасьць пашырэньня прамысловага патэнцыялу гэтай тэрыторыі, паведаміў так званы выканаўца абавязкаў міністра прамысловасьці і гандлю гэтага рэгіёну Аляксандар Марчанка.

Такую заяву чыноўнік зрабіў 17 траўня, выступаючы ў акупаваным Расеяй Мелітопалі на вытворчай канфэрэнцыі ў пытаньнях імпартазамяшчэньня ў машынабудаваньні.

«Цяпер мы вядзем перамовы зь беларускімі калегамі аб вытворчасьці трактароў „Беларус“ у Запароскай вобласьці», — сказаў Марчанка.

Паводле яго слоў, у плянах акупацыйных уладаў таксама «разгортваньне вытворчасьці дэталяў» да беларускіх трактароў на прадпрыемствах вобласьці.

У кастрычніку 2023 году ўлады акупаванай часткі Запароскай вобласьці ўжо заяўлялі пра намер стварыць сумесную вытворчасьць з МТЗ.

«Наладжваем сумесную вытворчасьць па буйнавузлавой зборцы трактарнай вытворчасьці „МТЗ-82“ зь Беларусьсю. Вядзем перамовы на дадзены момант», — паведамляла «намесьніца старшыні ўраду» рэгіёну Сьвятлана Шаўчэнка. Зь яе слоў таксама вынікала, што вядуцца перамовы з ААТ «Аршанскі мясакансэрвавы камбінат» (Віцебская вобласьць) пра «адкрыцьцё філіялу» на падкантрольнай РФ тэрыторыі Запароскай вобласьці.

10 траўня начальнік «аддзелу па працы з палітычнымі партыямі і грамадзкімі арганізацыямі Дэпартамэнту ўнутранай палітыкі адміністрацыі губэрнатара і ўраду Запароскай вобласьці» Дзяніс Леўчанка паведаміў, што ў ходзе візыту ў Менск дасягнутыя «дамоўленасьці ў пляне ўзаемнага супрацоўніцтва ў напрамку патрыятычнага выхаваньня, абмену вопытам».

На пытаньне пра далейшае супрацоўніцтва ён адказаў: «Нас падтрымлівае як адміністрацыя Расейскай Фэдэрацыі, так і зь беларускага боку. І праекты, якія мы цяпер намецілі, яны зьяўляюцца ўсерасейскімі на фэдэральным узроўні».

  • Афіцыйны Менск і праўладныя грамадзкія арганізацыі падтрымліваюць кантакты з тэрыторыямі Ўкраіны, акупаванымі РФ.
  • У Растове-на-Доне не пазьней за ліпень плянуецца адкрыць генэральнае консульства Беларусі. У яго акругу ўвойдуць Растоўская і Валгаградзкая вобласьці РФ, а таксама акупаваныя расейскай арміяй тэрыторыі Ўкраіны — так званыя «Данецкая народная рэспубліка», «Луганская народная рэспубліка», часткі Запароскай і Херсонскай абласьцей і анэксаваны раней Крым.
  • Кіраўнік так званай «ДНР» Дзяніс Пушылін наведваў Беларусь 27 ліпеня 2022 году.
  • Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь ім 18 красавіка 2023 году ў Менску. 15 чэрвеня мінулага году амбасадар Беларусі ў РФ Дзьмітры Круты падпісаў з Пушыліным «пагадненьне аб пашырэньні партнэрства».
  • У жніўні 2023 году Беларусь наведвала дэлегацыя «ДНР».
  • 30 верасьня 2022 году Ўладзімір Пуцін падпісаў «дакумэнты» аб уваходжаньні ў склад РФ так званых «Данецкай і Луганскай народных рэспублік», а таксама «Запароскай і Херсонскай абласьцей». За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расейскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя «рэфэрэндумы».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG