Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША адказалі Кітаю: мірнае рашэньне ва Ўкраіне адно — Расея павінна адтуль выйсьці


Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Вэдант Патэль
Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Вэдант Патэль

Пэкін ня можа імкнуцца да паляпшэньня адносін зь іншымі краінамі сьвету, адначасова падсілкоўваючы вайсковую машыну Крамля. Пра гэта падчас брыфінгу заявіў намесьнік прэсавага сакратара Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Вэдант Патэль.

«Кітайская Народная Рэспубліка ня можа сядзець на двух крэслах... Вы ня можаце жадаць далейшых добрых, больш моцных, паглыбленых адносін з Эўропай і іншымі краінамі, у той жа час працягваючы падсілкоўваць найбольшую пагрозу эўрапейскай бясьпецы за доўгі час», — заявіў Вэдант Патэль, ягога цытуе «Голас Амэрыкі».

Ён зазначыў, што гэта пазыцыя ня толькі ЗША, але і партнэраў па G7, NATO і ЭЗ.

«Падсілкоўваньне абаронна-прамысловай базы Расеі Кітайскай Народнай Рэспублікай пагражае ня толькі бясьпецы Ўкраіны, але і эўрапейскай бясьпецы, і Пэкін ня можа дасягнуць лепшых адносін з Эўропай, працягваючы падтрымліваць нешта падобнае», — дадаў Патэль.

Кітай з двухдзённым візытам наведвае Ўладзімір Пуцін. Пасьля перамоваў з Пуціным кітайскі лідэр КНР Сі Цзіньпін заявіў, што «абодва бакі згаджаюцца з тым, што палітычнае вырашэньне праблемы Ўкраіны зьяўляецца правільным кірункам».

На думку ЗША, рашэньне адзінае — Расея павінна пакінуць Украіну, заявіў на брыфінгу ў чацьвер Патэль.

«Я ўбачыў нешта, што выглядала як сумесная заява па выніках гэтай сустрэчы, дзе гаварылася аб турбоце наконт эскаляцыі, жаданьні нейкага мірнага працэсу ці палітычнага вырашэньня канфлікту ва Ўкраіне. З нашага пункту гледжаньня рашэньне простае. Расейская Фэдэрацыя павінна проста выйсьці з Украіны, яна можа пакінуць тыя тэрыторыі, на якіх яна знаходзіцца ва Ўкраіне, яна можа выйсьці з Крыму, і ў нас будзе мірнае рашэньне», — заявіў Патэль і дадаў, што зноў і зноў прэзыдэнт Пуцін і Расейская Фэдэрацыя паказвалі, што яны не зацікаўленыя ў гэтым.

Вэдант Патэль таксама пацьвердзіў, што пазыцыя ЗША ў выкарыстаньні ўкраінцамі амэрыканскай зброі для ўдараў па тэрыторыі Расеі застаецца нязьменнай.

ЗША «не заахвочваюць» удары амэрыканскай зброяй за межамі Ўкраіны, але Ўкраіна «павінна сама прыняць рашэньне» аб тым, як яна зьбіраецца весьці гэтую вайну. Пра гэта падчас прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

«Наша палітыка не зьмянілася. І дзяржсакратар гэта дакладна сказаў. Мы не заахвочваем і ня робім удараў на тэрыторыі Расеі. Але неаднаразова мы таксама казалі, што Ўкраіна ўрэшце сама прымае рашэньні аб сваіх ваенных ударах і сваіх апэрацыях. Мы захоўваем такую пазыцыю», — сказаў Патэль.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG