Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША перад візытам Пуціна ў Пэкін перасьцераглі Кітай ад супрацоўніцтва з Расеяй


Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Вэдант Патэль
Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Вэдант Патэль

ЗША папярэдзілі Кітай, што яго супрацоўніцтва з Расеяй ставіць пад пагрозу адносіны Пэкіна з ЗША і Эўропай, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Калі Кітай хоча падтрымліваць добрыя адносіны з Эўропай і іншымі краінамі, ён ня можа і далей падсілкоўваць самую вялікую пагрозу эўрапейскай бясьпекі, а менавіта расейскую агрэсію ва Ўкраіне», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Вэдант Патэль, якога цытуе «Голас Амэрыкі».

Ён падкрэсьліў, што гэта «ня толькі пазыцыя ЗША, але і выразна выяўленая пазыцыя нашых партнэраў па „Вялікай сямёрцы“, нашых партнэраў па NATO і Эўразьвязе».

Заява ЗША зьявілася адначасова з паведамленьнем МЗС Кітаю пра тое, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін наведае Кітай з афіцыйным візытам 16–17 траўня.

«Калі КНР спыніць падтрымліваць Расею, Расеі будзе цяжка працягваць ваенныя дзеяньні супраць Украіны, і ніводная краіна не павінна даваць Пуціну плятформу для прасоўваньня яго агрэсіўнай вайны супраць Украіны», — растлумачыў Патэль.

  • Уладзімір Пуцін прыбудзе ў Пэкін 16 траўня з двухдзённым візытам на запрашэньне старшыні КНР Сі Цзіньпіна, паведаміла МЗС краіны. Гэта будзе першы замежны візыт Пуціна пасьля пераабраньня ў сакавіку на пяты тэрмін і другі візыт у Кітай за шэсьць месяцаў. У кастрычніку Пуцін прыяжджаў у Пэкін для ўдзелу ў форуме «Адзін пояс — адзін шлях».
  • Хоць Кітай заяўляе, што зьяўляецца нэўтральным бокам, яго крытыкуюць за адмову асудзіць Маскву за яе поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну.
  • За апошнія гады Кітай і Расея пашырылі эканамічнае супрацоўніцтва і дыпляматычныя кантакты, а пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну іх стратэгічнае партнэрства толькі ўзмацнілася.
  • Пэкін раней прапанаваў свой «мірны плян» з 12 пунктаў з заклікам да дээскаляцыі і рэшткавага прыпыненьня агню ва Ўкраіне. Захад скептычна ставіцца да прапановаў Кітаю адносна палітычнага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG