Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Судаленка з эміграцыі паскардзіўся на прызначаную яму ў Беларусі адвакатку, якая ігнаруе ягоныя звароты


Леанід Судаленка, архіўнае фота
Леанід Судаленка, архіўнае фота

Праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка ня мае магчымасьці кантактаваць з адвакаткай, якую прызначылі яго абараняць у крымінальнай справе, заведзенай супраць яго ў Гомлі ў парадку спэцыяльнага вядзеньня, завочна.

Між тым працэс над праваабаронцам можа пачацца ў любы дзень. Пры гэтым Судаленка лічыць, што ягонае права на абарону ігнаруецца.

«Фактычна гэта адмова ў прававой абароне. Пасылаю лісты сваёй адвакатцы, званю на яе тэлефонны нумар, званю па Viber, але слухаўкі не бярэ і на лісты, дасланыя па электроннай пошце, не адказвае. Прававая сваволя адносна мяне працягваецца, бо і скаргі выніку не даюць. Адказ, які я атрымаў, проста сьмешны», — камэнтуе Леанід Судаленка сытуацыю, у якой апынуўся.

Зь ліпеня мінулага году праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка на волі пасьля адбыцьця тэрміну пакараньня ў 3 гады паводле 342-га артыкулу («Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, які груба парушаюць грамадзкі парадак»). У Беларусі былы палітвязень ня змог застацца праз пагрозу зноў трапіць за краты.

Цяпер Судаленка жыве ў Вільні, працягвае займацца праваабарончай дзейнасьцю. У тым ліку ён рэзка крытыкаваў беларускія ўлады за працяг рэпрэсій супраць грамадзянаў, якія выказвалі нязгоду з вынікамі выбараў 2020 году. Судаленка мяркуе, што ягоная актыўнасьць спрычынілася да завядзеньня супраць яго на радзіме новай крымінальнай справы — цяпер паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу — за «іншае садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Пра гэта Судаленку зь Беларусі праінфармаваў Сьледчы камітэт.

Летась у лістападзе Леанід Судаленка таксама даведаўся, што ў ягоным доме прайшоў ператрус і быў арыштаваны зямельны ўчастак непадалёк ад Гомля, які яму належыць.

Паводле праваабаронцы, сьледчыя дзеяньні ў ягонай крымінальнай справе ўжо завершаныя, у красавіку справу перадалі ў суд.

Дакумэнт аб накіраваньні ў суд крымінальнай справы супраць Леаніда Судаленкі
Дакумэнт аб накіраваньні ў суд крымінальнай справы супраць Леаніда Судаленкі

Што зь ягонай справай цяпер, праваабаронца ня ведае. Гэта Леанід Судаленка тлумачыць найперш пазыцыяй прызначанага яму адваката.

«Адвакатка мусіць абараняць мае правы, а значыць, хаця б ведаць маю прававую пазыцыю адносна абвінавачаньня, мае аргумэнты. Але яна проста ігнаруе мае звароты, чым, дарэчы, парушае і правілы прафэсійнай этыкі, якія абавязваюць яе ўзгадняць пазыцыю з падабаронным. Таму напісаў скаргу ў Гомельскую абласную калегію адвакатаў і заявіў пра адвод адвакату. Але адводу не прынялі, а ў адказе фактычна пацьвердзілі, што адвакатка мае рацыю, калі ігнаруе кантакты з падабаронным», — мяркуе Леанід Судаленка.

Праваабаронца паказаў ліст, які атрымаў з Гомельскай абласной калегіі адвакатаў у адказ на сваю скаргу. У ім сьцьвярджаецца, што адвод адваката не кампэтэнцыя калегіі, гэта вырашае орган, які вядзе сьледзтва, альбо суд. Што да прэтэнзіі ў ігнараваньні інтарэсаў падабароннага, старшыня калегіі яе адкідае, бо адсутнасьць кантактаў тлумачыць арганізацыйнымі прычынамі.

Ліст, які Леанід Судаленка атрымаў з Гомельскай абласной калегіі адвакатаў у адказ на сваю скаргу
Ліст, які Леанід Судаленка атрымаў з Гомельскай абласной калегіі адвакатаў у адказ на сваю скаргу

«Дзеяньняў, накіраваных супраць вашых інтарэсаў, абаронца Грышчанка не зьдзяйсьняла.

Адвакат, выступаючы ў вядзеньні крымінальнай справы ў якасьці абаронцы, высьвятляе і вызначае прававую сутнасьць пытаньняў падазраванага, абвінавачанага, тлумачыць яму прававыя нормы, дае юрыдычную адзнаку дасьледаванай сытуацыі, вызначае прававую пазыцыю толькі пры яўным перакананьні, што гэтая асоба зьяўляецца ягоным падабаронным. Абаронца ня мае права выдаваць дадзеныя папярэдняга расьсьледаваньня.

У адваката Грышчанкі І.Н. няма дакладных зьвестак пра асабіста вашыя намеры. Падстаў для ідэнтыфікацыі абанэнта невядомага нумару тэлефона і адрасата электроннай пошты з абвінавачаным Судаленкам Леанідам Леанідавічам ня маецца», — адказаў у лісьце да Судаленкі старшыня Гомельскай калегі адвакатаў А. Арцюховіч.

Леанід Судаленка мяркуе, што яго ставяць перад выбарам: альбо не прысутнічаць на будучым судзе ў сваёй справе, альбо паехаць на працэс у Беларусь і фактычна здацца ўладам.

«Але пра гэта няма гаворкі. Па-першае, я ня веру ў справядлівасьць беларускага суду. У маім выпадку ўжо ігнаруецца прынцып роўнасьці і спаборнасьці бакоў. Па-другое, ясна, што ўжо ў Каменным Логу, на памежным пераходзе, мяне затрымаюць і прывязуць у суд у кайданках, а тады ў маёй прысутнасьці вынесуць вырак, які ўжо замоўлены зьверху. Такое я ўжо зьведаў», — мяркуе Леанід Судаленка.

Праваабаронца накіраваў заяву старшыні Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, у якой аспрэчвае дзеяньні адвакаткі Іны Грышчанкі, спасылаючыся на «Закон аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь».

Свабодзе Леанід Судаленка паведаміў, што праінфармаваў Гомельскі абласны суд аб сваёй гатоўнасьці ўдзельнічаць у працэсе праз Skype, але адказу таксама дагэтуль не атрымаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG