Сьледчы камітэт паведаміў аб заканчэньні расьсьледаваньня справы гомельскага праваабаронцы, экс-палітвязьня Леаніда Судаленку паводле арт. 3614 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Пра гэта Судаленка напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
«Сьледчы камітэт паведаміў сёньня аб заканчэньні расьсьледаваньня новага абвінавачаньня мяне ў „іншым садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці“, прычым абвінавачваючы ў паўторнасьці (да 7 гадоў турмы). Паведамляецца аб перадачы справы пракурору для накіраваньня ў суд», — адзначыў ён.
Судаленка дадаў, што «са свайго боку» паведамляе Сьледчаму камітэту «аб перадачы фактаў палітычных рэпрэсій ва ўтвораную пры Радзе правоў чалавека ААН групу міжнародных экспэртаў, якія займаюцца расьсьледаваньнямі рэпрэсій у Беларусі».
4 сакавіка Сьледчы камітэт паведаміў аб пачатку спэцыяльнага вядзеньня ў дачыненьні да Судаленкі.
Заяўлялася, што спэцвядзеньне пачалі паводле чч. 1 і 2 арт. 3614 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Праваабаронца быў затрыманы 18 студзеня 2021 году, яго абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», «падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньні або іншым матэрыяльным забесьпячэньні» (ч. 1 і 2 арт. арт. 342 КК).
Трэцяга лістапада 2021 году суд Цэнтральнага раёну Гомля (судзьдзя Сяргей Салоўскі) прыгаварыў Леаніда да трох гадоў зьняволеньня ва ўмовах агульнага рэжыму. Вызваліўшыся пасьля адбыцьця пакараньня ў ліпені 2023 году, Судаленка пакінуў краіну.
17 студзеня 2024 году Камітэт правоў чалавека (КПЧ) ААН даслаў Судаленку рашэньне наконт скаргі аб сыстэматычных парушэньнях недатыкальнасьці яго прыватнага жыцьця, гарантаванага артыкулам 17 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Судаленка зьвяртаўся ў КПЧ наконт паглыбленых надглядаў на мяжы і існаваньня «палітычнага сьпісу» ў памежнікаў у 2015 годзе. Мяркуючы па нумары (№ 2929/2017), скарга была прынятая ў 2017 годзе.
КПЧ прыйшоў да высновы, што кожны чалавек павінен мець права ведаць, якія пэрсанальныя зьвесткі і для якіх мэтаў захоўваюцца ў аўтаматычных базах дзяржаўных органаў. Таксама кожны павінен мець магчымасьць высьветліць, якія дзяржорганы кантралююць ці могуць кантраляваць пэрсанальныя зьвесткі і іх адпаведнасьць рэчаіснасьці.
Згодна з прынятым рашэньнем, беларускі ўрад павінен забясьпечыць пацярпеламу эфэктыўную прававую абарону, уключаючы поўную кампэнсацыю шкоды і любых расходаў, якія ён меў. Беларусь абавязана таксама прыняць захады для папярэджаньня аналягічных парушэньняў у будучыні.
Папраўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія даюць магчымасьць завочна праводзіць сьледзтва і суды над асобамі, якія знаходзяцца за мяжой, а таксама канфіскоўваць іх маёмасьць, набылі моц летась 27 ліпеня.
Рэакцыя Судаленкі на новую справу
Леанід Судаленка працягвае сваю праваабарончую дзейнасьць у праваабарончым цэнтры «Вясна». На завядзеньне справы ён раней адрэгаваў на сайце «Вясны»:
«Упэўнены, такім чынам беларускія спэцслужбы спрабуюць прымусіць мяне замаўчаць, таму што пасьля вызваленьня я ня здаўся і не замаўчаў. Я публічна выступіў як сьведка катаваньняў у беларускіх турмах у сьценах Эўрапарлямэнта. Пра ўмовы, у якіх вымушаны сядзець беларускія палітвязьні, я публічна распавядаў на пляцоўках не толькі Францыі, Польшчы, Нямеччыны і Фінляндыі. Не было таго незалежнага СМІ, з якім бы я адмовіўся размаўляць пра перажытыя тры гады турэмнага зьняволеньня.
На кароткачасовай дыстанцыі тыя, хто захапіў уладу ў Беларусі, могуць сабе дазволіць такое бяспраўе. А калі ў краіну вернецца канстытуцыйная законнасьць, зразумела, што ўсё гэта не будзе каштаваць нават паперы, на якой яны малююць справу супраць мяне ў сьледчых камітэтах. Адно турбуе: кароткая дыстанцыя зацягнулася. Нават калі мяне кінулі ў турму, ня думаў, што ўвесь тэрмін буду сядзець. Зацягваецца гэтая дыстанцыя — і гэта мяне зараз хвалюе. А так, дзякуй спэцслужбам, адзначылі мае заслугі ў чарговы раз. Буду працягваць далей працаваць на новую і дзеля новай Беларусі!»
Хто такі Леанід Судаленка
Больш за 20 гадоў супрацоўнік гомельскага аддзяленьня праваабарончага цэнтру «Вясна» Леанід Судаленка бароніць правы людзей.
Леаніда Судаленку арыштавалі ў студзені 2021 году.
Праз 11 месяцаў асудзілі на 3 гады зьняволеньня паводле 1-й і 2-й частак 342 артыкула — за «падрыхтоўку і ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» і за «іх арганізацыю і фінансаваньне».
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.