На зямельны ўчастак праваабаронцы Леаніда Судаленкі, які выехаў зь Беларусі, наклалі арышт, паведаміла гомельскае выданьне «Штодзень».
Участак арыштавалі ў крымінальнай справе аб нібыта садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці, якую супраць Судаленкі завялі ў пачатку лістапада.
«Я ня ведаю, якое дачыненьне можа мець зямля да таго, у чым мяне спрабуюць абвінаваціць? Складваецца ўражаньне, што гэта банальная помста: зьехаў, не замаўчаў, дык атрымай! А закон у краіне сёньня сам па сабе. Зямля ў мяне ў пажыцьцёвым спадчынным валоданьні!» — сказаў Судаленка журналістам.
Учора ў яго дома правялі ператрус.
«Па месцы маёй рэгістрацыі ў аграгарадку пад Гомлем зараз скончыўся ператрус. Што шукалі, не казалі, мэблю ад сьцен не адсоўвалі, 990 тыс. даляраў пад канапай не знайшлі. Заўтра, мабыць, прыйдуць шукаць „іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці“ ў гарадзкую кватэру. Крымінальную справу вядзе РАСК па Гомельскім раёне», — напісаў Леанід Судаленка у сацсетках.
У лістападзе 2021 году Леаніда асудзілі на 3 гады зьняволеньня. Праваабаронца выйшаў на волю 21 ліпеня сёлета, цалкам адбыўшы свой тэрмін — за кратамі Судаленку ўтрымлівалі два з паловай гады. Праз два тыдні пасьля вызваленьня ён выехаў зь Беларусі.