Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спэцслужбы спрабуюць прымусіць мяне замаўчаць». Былы палітвязень Судаленка адказаў на новую «завочную» справу

абноўлена

 Леанід Судаленка пасьля выхаду з калёніі
Леанід Судаленка пасьля выхаду з калёніі

Былы палітвязень Леанід Судаленка адбыў тэрмін пакараньня за праваабарончую дзейнасьць і выехаў зь Беларусі.

Супраць былога палітвязьня Леаніда Судаленкі распачалі завочную крымінальную справу ў рамках так званага спэцвядзеньня, паведамілі ў Сьледчым камітэце Беларусі.

Яму інкрымінаваны артыкул 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

У лістападзе 2021 году яго асудзілі на 3 гады зьняволеньня. Праваабаронца выйшаў на волю 21 ліпеня, цалкам адбыўшы свой тэрмін — за кратамі яго ўтрымлівалі два з паловай гады. Праз два тыдні пасьля вызваленьня ён зьехаў зь Беларусі.

Папраўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія даюць магчымасьць завочна праводзіць сьледзтва і суды над асобамі, якія знаходзяцца за мяжой, а таксама канфіскоўваць іх маёмасьць, набылі моц летась 27 ліпеня.

Судаленка адказаў

Леанід Судаленка працягвае сваю праваабарончую дзейнасьць у праваабарончым цэнтры «Вясна». На рашэньне СК ён адказаў на сайце «Вясны»:

«Упэўнены, такім чынам беларускія спэцслужбы спрабуюць прымусіць мяне замаўчаць, таму што пасьля вызваленьня я ня здаўся і не замаўчаў. Я публічна выступіў як сьведка катаваньняў у беларускіх турмах у сьценах Эўрапарлямэнта. Пра ўмовы, у якіх вымушаны сядзець беларускія палітвязьні, я публічна распавядаў на пляцоўках не толькі Францыі, Польшчы, Нямеччыны і Фінляндыі. Не было таго незалежнага СМІ, з якім бы я адмовіўся размаўляць пра перажытыя тры гады турэмнага зьняволеньня.

Ужо праз тры месяцы са дня вызваленьня спэцслужбы пачалі супраць мяне новую крымінальную справу, абвінаваціўшы ў дзьвюх частках артыкула па экстрэмізьме. Максымальны тэрмін па гэты артыкуле – да шасьці гадоў. Наступным крокам будзе, напэўна, пазбаўленьне беларускага грамадзянства, якое я атрымаў з нараджэньня. Ну, а потым яшчэ, відаць, пачнуць чарговую спецвытворчасьць па прызнаньні майго факта нараджэньня незаконным, бо ў краіне чацьвёрты год працягваецца неабвешчананае надзвычайнае становішча.

На кароткачасовай дыстанцыі тыя, хто захапіў уладу ў Беларусі, могуць сабе дазволіць такое бяспраўе. А калі ў краіну вернецца канстытуцыйная законнасьць, зразумела, што ўсё гэта не будзе каштаваць нават паперы, на якой яны малююць справу супраць мяне ў сьледчых камітэтах. Адно турбуе: кароткая дыстанцыя зацягнулася. Нават калі мяне кінулі ў турму, ня думаў, што ўвесь тэрмін буду сядзець. Зацягваецца гэтая дыстанцыя – і гэта мяне зараз хвалюе. А так, дзякуй спэцслужбам, адзначылі мае заслугі ў чарговы раз. Буду працягваць далей працаваць на новую і дзеля новай Беларусі!»

Хто такі Леанід Судаленка

Больш за 20 гадоў супрацоўнік гомельскага аддзяленьня праваабарончага цэнтру «Вясна» Леанід Судаленка бароніць правы людзей.

Леаніда Судаленку арыштавалі ў студзені 2021 году.

Праз 11 месяцаў асудзілі на 3 гады зьняволеньня паводле 1-й і 2-й частак 342 артыкула — за «падрыхтоўку і ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» і за «іх арганізацыю і фінансаваньне».

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);

Выйшлі на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG