Судзьдзя Томас Шмыт, які ўцёк з Польшчы ў Беларусь, быў абвешчаны ў вышук, што зьяўляецца крокам да міжнароднага ордэра на арышт па абвінавачаньні ў шпіянажы, паведаміла 16 траўня нацыянальная пракуратура Польшчы, піша агенцтва АР.
Пачаўся вышук колішняга судзьдзі Ваяводзкага адміністрацыйнага суду ў Варшаве Томаша Шмыта, паведаміў прэс-сакратар пракуратуры Пшэмыслаў Новак. Адзначаецца, што нават калі Беларусь не прыслухаецца да міжнароднага ордэра, гэта абмяжуе магчымасьць Шмыта падарожнічаць за мяжу.
Цяпер спэцслужбы Польшчы працуюць над тым, каб вызначыць, наколькі шкодным для інтарэсаў Польшчы, NATO і Эўразьвязу можа быць веданьне Шмытам якой-небудзь сакрэтнай інфармацыі.
Шмыт прыехаў у Беларусь 6 траўня. Там ён папрасіў аб палітычным прытулку, заявіўшы, што ў Польшчы нібыта «зазнаваў перасьлед і пагрозы за самастойную палітычную пазыцыю».
9 траўня Дысцыплінарны суд пры Вышэйшым адміністрацыйным судзе Польшчы дазволіў затрымаць і арыштаваць судзьдзю Томаша Шмыта, які абвінавачваецца ў перадачы замежнай выведцы сакрэтных зьвестак.
Прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск назваў Шмыта «здраднікам».
Гэта ня першы выпадак, калі грамадзяне Польшчы просяць палітычнага прытулку ў Беларусі. У 2021 годзе ў Беларусь уцёк польскі памежнік Эміль Чэчка, польскія ўлады абвінавацілі яго ў дэзэртэрстве. Праз год Чэчку знайшлі павешаным па месцы жыхарства ў Менску.
У чэрвені 2022 году прытулку ў Беларусі папрасіў яшчэ адзін грамадзянін Польшчы, прарасейскі актывіст Мікалай Марчын. У інтэрвію беларускім дзяржаўным СМІ ён расказваў пра «русафобію ў Польшчы», паўтараючы заявы расейскай і беларускай прапаганды. У лютым 2022 году Мікалай падтрымаў напад Расеі на Ўкраіну.
Форум