Колькасьць сем’яў, якія маюць складанасьці ў Беларусі з працэсам нараджэньня дзяцей, складае ад 15 да 17%. Такія зьвесткі прывяла загадчыца лябараторыі праблем здароўя дзяцей і падлеткаў РНПЦ «Маці і дзіця» Маргарыта Дзевялтоўская падчас прэс-канфэрэнцыі, піша Newgrodno.
Паводле словаў прафэсаркі, доля прычынаў, якая абцяжарвае нараджэньне дзіцяці, прыкладна аднолькавая з боку жанчыны і з боку мужчыны. Таксама яна адзначыла, што пры падтрымцы дзяржавы ў Беларусі праводзіцца бясплатная працэдура ЭКА. У 2023 годзе было праведзена 1880 цыкляў апладненьня.
«За 20 гадоў выкарыстаньня дапаможных рэпрадуктыўных тэхналёгій нарадзіліся больш за 10 тысяч дзяцей. Ёсьць сем'і, у якіх адбываецца нараджэньне некалькіх дзяцей пасьля ЭКА», — заявіла Дзевялтоўская.
Згодна з апошнім перапісам насельніцтва, 44% беларускіх сем’яў выхоўваюць дзяцей да 18 гадоў. Большасьць зь іх — сем'і з адным дзіцём. Кожная трэцяя сям’я — з двума. Шматдзетных — крыху больш за 9%.
Намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Валер Кавалькоў заўважае «станоўчую дынаміку». Ён заявіў, што ў краіне зараз амаль 124 тысячы шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца 405 тысяч дзяцей. Такім чынам, кожнае чацьвертае дзіця выхоўваецца ў шматдзетнай сям'і.
Форум