Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз рыхтуе больш жорсткія санкцыі супраць Беларусі, але для калію могуць зрабіць выключэньне


Сьцягі краін Эўразьвязу. Ілюстрацыйнае фота
Сьцягі краін Эўразьвязу. Ілюстрацыйнае фота

Эўракамісія прапануе ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай агрэсіі ва Ўкраіну і такім чынам перашкодзіць абыходу санкцый, уведзеных раней супраць Расеі.

Эўрапейская камісія падрыхтавала праект рашэньня, якое ўніфікуе санкцыі супраць Беларусі з тымі, якія ўжо дзейнічаюць датычна расейскіх кампаній за ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.

Як адзначаецца ў праекце рашэньня, які ў сваім распараджэньні мае Свабода, забарона дадаткова пашыраецца на пастаўкі ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня і тэхналёгій з абавязковым уключэньнем у кантракты з трэцімі краінамі ўмовы пра немагчымасьць рээкспарту тавараў у Беларусь.

У прыватнасьці, гаворка ідзе аб прадукцыі і тэхналёгіях падвойнага прызначэньня, якія можна выкарыстаць для нарошчваньня прамысловага патэнцыялу Беларусі ў сфэры абароны, бясьпекі, авіяцыі і космасу.

Эўракамісія прапануе забараніць пастаўкі ў Беларусь навігацыйных тавараў і прадметаў раскошы, а таксама прамы або ўскосны імпарт, набыцьцё ці перадачу алмазаў зь Беларусі, у тым ліку транзытам, непрамысловых прыродных і сынтэтычных алмазаў, ювэлірных вырабаў з дыямэнтамі.

Праект рашэньня прадугледжвае забарону на імпарт мінэральных прадуктаў, уключна з сырой нафтай, і ўводзіць новую забарону на экспарт тавараў і тэхналёгій для выкарыстаньня ў нафтаперапрацоўцы і вытворчасьці звадкаванага прыроднага газу.

У той жа час, каб пазьбегнуць нэгатыўных наступстваў для харчовай бясьпекі ў сьвеце, Эўракамісія прапануе пры тэрміновай неабходнасьці трэціх краін дазволіць апэратарам Эўразьвязу ўдзельнічаць у пастаўках сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі, у тым ліку пшаніцы і калійных угнаеньняў зь Беларусі для трэціх краін.

Гэтае выключэньне будуць рабіць у пэўных выпадках і аб’ёмах. Пры гэтым Эўракамісія абавязваецца публікаваць інфармацыю пра аб’ёмы, датычна якіх выключэньні будуць даступныя.

Адначасова прапануецца забараніць аказваць яшчэ некалькі відаў паслуг, у тым ліку кансультацыйныя, аўдытарскія, архітэктурныя, тэхнічныя, а таксама ІТ-паслугі і тыя, што зьвязаныя з бухгальтарскім і падатковым улікам.

Апроч таго, Эўракамісія разглядае ініцыятыву забараніць уезд у Эўразьвяз прычэпаў і паўпрычэпаў, зарэгістраваных у Беларусі, і пашырыць забарону для фінансавага сэктару Беларусі — у прыватнасьці на прыём дэпазытаў зь Беларусі.

Санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі ў 2022-2023 гадах

На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.

  • 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
  • 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключаныя фізычныя і юрыдычныя асобы з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
  • 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, уведзеныя абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
  • 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
  • 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў была ўведзеная забарона на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
  • 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.

На працягу 2023 году Эўразьвяз 2 разы пашыраў санкцыі адносна Беларусі.

  • 3 жніўня 2023 году Эўразьвяз увёў новы пакет санкцыяў адносна Беларусі, у якія 38 фізычных асобаў і 3 прадпрыемствы: ААТ «Менскі электратэхнічны завод», ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“» і Белнафтахім.
  • 18 сьнежня 2023 году Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
  • Шэраг краін ЭЗ на працягу 2022-2023 гадоў прымалі свае сувэрэнныя санкцыі адносна Беларусі — больш жорсткія, чым агульныя санкцыі Зьвязу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG