Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія ўлады патрабуюць ідэалягічнай асновы для выпускных сцэнароў у школах


Выпускнікі і супрацоўнікі міліцыі ў Менску. Архіўнае фота
Выпускнікі і супрацоўнікі міліцыі ў Менску. Архіўнае фота

Камітэт адукацыі Менскага гарвыканкаму рэглямэнтаваў «фармат і парадак» правядзеньня выпускных вечароў у сталічных школах.

На выпускных імпрэзах улады не рэкамэндуюць прыцягваць артыстаў і дыджэяў, таму што яны «ня ведаюць ні традыцый школы, ні вучняў, ні пэдагогаў», і ня змогуць «стварыць душэўнай, цёплай атмасфэры», заявіў агенцтву «Мінск-Навіны» старшыня камітэта Андрэй Стрыгельскі.

Паводле чыноўніка, «сёньня ўстановы адукацыі актыўна рыхтуюцца да ўрачыстасьці, і ніякіх лімузынаў ніхто не плянуе», а ў беларускай сыстэме адукацыі «ёсьць шэраг даўно сфармаваных традыцый», якія адпавядаюць «мэнталітэту людзей».

«Безумоўна, бацькі праяўляюць пэўную ініцыятыву. Наша задача не дапусьціць неабгрунтаваных збораў грашовых сродкаў на правядзеньне выпускных вечароў, — сказаў Стрыгельскі. — Гэтыя рэчы кантралююцца кіраўніцтвам школ, праводзіцца адпаведная праца з бацькоўскім, апякунскім камітэтамі».

Сцэнары вечароў павінны мець «ідэалягічную аснову», заявіў ён:

«Такія тэмы, як 80-годзьдзе вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Год якасьці знойдуць сваё адлюстраваньне ў сьвяце».

Выпускныя вечарыны ў школах для вучняў 11 клясаў адбудуцца 14 чэрвеня. Месцам іх правядзеньня стануць школы і гімназіі. Традыцыйная «сустрэча сьвітаньня», па словах чыноўніка, не адмяняецца, але таксама рэгламэнтаваная.

«Выпускнікі выйдуць альбо на тэрыторыю школы, альбо за яе межы — у лесапаркавую зону, на набярэжную — і сустрэнуць сьвітанак. Супрацоўнікі міліцыі забяспечаць ахову грамадзкага парадку. Маршруты узгодненыя загадзя», — сказаў ён.

30 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў аб «вельмі нэгатыўным стаўленьні» да школьных выпускных вечароў, якія ператвараюць у «шоў на лімузынах з наведваньнем забаўляльных устаноў».

«Гэта павінна быць сьвята, куды ідуць дзяўчына, хлопец, за рукі ўзяўшыся, кампаніяй, калектывам. Паскачуць, патанцуюць і сустрэнуць сьвітанак. Гэта вельмі важна», — адзначыў Лукашэнка.

Ён даручыў ураду і сваёй адміністрацыі ўзяць гэтае пытаньне «на жорсткі кантроль».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG