Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грэцыі на запыт уладаў Малдовы затрымалі скандальнага малдоўскага алігарха


Уладзімір Плахатнюк. Архіўнае фота
Уладзімір Плахатнюк. Архіўнае фота

Паліцыя Малдовы паведаміла, што праз афіцыйныя каналы прыйшла інфармацыя аб затрыманьні ў Атэнах (Грэцыя) двух грамадзян Малдовы, адзін зь якіх — колішні лідэр Дэмакратычнай партыі Малдовы алігарх Уладзімір Плахатнюк, які знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі.

Як паведаміла Малдоўская служба Радыё Свабода, ніякіх іншых дэталяў затрыманьня ў паліцыі не назвалі. Адвакат Лучан Рогач, які прадстаўляе інтарэсы Плахатнюка ў малдоўскіх судах, адмовіўся камэнтаваць Свабодзе гэтую інфармацыю.

15 лютага Антыкарупцыйная пракуратура абвясьціла аб разблякаваньні «чырвонай карткі» Інтэрполу на вышук алігарха. Улады Малдовы спрабавалі абвясьціць яго міжнародны вышук яшчэ ў 2020 годзе, але Інтэрпол адхіліў іхны запыт.

У Рэспубліцы Малдове Плахатнюка судзяць завочна ў межах адной з справаў, зьвязаных з «крадзяжом мільярда» з трох малдоўскіх банкаў у 2014 годзе. Акрамя махлярства і адмываньня грошай, яго абвінавачваюць у стварэньні і кіраўніцтве злачыннай арганізацыяй, празь якую ён нібыта атрымаў грошы, выкрадзеныя з Banca de Economii, Unibank і Banca Socială.

Колішні лідэр Дэмакратычнай партыі выехаў з Малдовы летам 2019 году, калі ў Кішынёве зьмяніўся ўрад. Пэўны час ён жыў у ЗША, потым у Турэччыне, а пасьля, паводле неафіцыйнай інфармацыі, на Паўночным Кіпры.

Уладзімір Плахатнюк быў дэпутатам парлямэнту Малдовы двух скліканьняў і першым віцэ-старшынём парлямэнту. Яго называюць найбагацейшым чалавекам у Малдове, а таксама самай уплывовай фігурай у краіне ў 2010-х гадах.

Палітычная кар’ера Плахатнюка завяршылася ў чэрвені 2019 году, калі ў выніку палітычнага крызісу ўрад Паўла Філіпа пайшоў у адстаўку. Паводле малдоўскіх СМІ, Плахатнюк і Філіп маглі мець дачыненьне да найбуйнейшага ў гісторыі Малдовы крадзяжу грошай — зьнікненьня зь некалькіх малдаўскіх банкаў грошай агульнай сумай прыкладна ў мільярд даляраў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG