Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Financial Times: спэцслужбы эўрапейскіх краін папярэдзілі свае ўрады аб пагрозе дывэрсій з боку Расеі


Пасьля пажару на бэрлінскім заводзе зброевай кампаніі Diehl. Бэрлін, 3 траўня 2024 года.
Пасьля пажару на бэрлінскім заводзе зброевай кампаніі Diehl. Бэрлін, 3 траўня 2024 года.

Спэцслужбы эўрапейскіх краін папярэдзілі свае ўрады аб пагрозе дывэрсій з боку Расеі, піша Financial Times са спасылкай на крыніцы ў выведцы.

Па дадзеных суразмоўцаў брытанскай газэты, расейскія ўлады плянуюць выбухі, падпалы і іншыя напады на эўрапейскую інфраструктуру. Масква, як сьцьвярджаецца, гатова дзейнічаць больш агрэсіўна і ўзгоднена як наўпрост, так і праз пасрэднікаў.

Расея спрабуе ўзмацніць ціск на эўрапейскія краіны па ўсіх кірунках, лічыць крыніца выданьня. Прадстаўнік выведкі адной з эўрапейскіх краін адзначыў, што прэзыдэнт Уладзімір Пуцін адчувае сябе «натхнёным» і будзе імкнуцца нанесьці максымальную шкоду з дапамогай дывэрсій, хакерскіх нападаў або дэзынфармацыі.

Financial Times таксама піша, што ў канцы красавіка ў Вялікабрытаніі дваіх чалавек абвінавацілі ў падпале склада з гуманітарнымі грузамі для Ўкраіны. Брытанскія пракуроры лічаць, што абвінавачаныя зьвязаныя з Расеяй. У Швэцыі і Чэхіі спэцслужбы расьсьледуюць сэрыю інцыдэнтаў на чыгунках, да якіх, верагодна, могуць мець дачыненьне людзі, зьвязаныя з Расеяй. Мінабароны Францыі папярэдзіла аб магчымых расейскіх дывэрсіях на францускіх ваенных аб’ектах.

Кіраўнік нямецкага Фэдэральнага ведамства па ахове Канстытуцыі Томас Хальдэнванг лічыць, што расейскія ўлады зараз разглядаюць апэрацыі «з высокім патэнцыялам нанясеньня ўрону» эўрапейскім краінам. Аб гэтым ён сказаў пасьля таго, як у Баварыі арыштавалі двух чалавек па падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Расеі і падрыхтоўцы дывэрсій па заданьні расейскіх спэцслужбаў.

Пасольства Расеі ў Германіі заявіла, што нямецкі бок не прадставіў «доказаў, якія сьведчаць аб названых плянах затрыманых і іх магчымых сувязях з прадстаўнікамі расейскіх структур». «Спробы выявіць дачыненьне расійскіх спэцслужбаў да распрацоўкі нібыта наяўных плянаў нападу на разьмешчаныя ў Германіі ваенныя абʼекты, уключаючы амэрыканскія ваенныя базы, не прымаем як абсурдныя і недарэчныя», — сказана ў паведамленьні расейскай дыпмісіі.

Па дадзеных Financial Times, эўрапейскія службы бясьпекі ў цяперашні час знаходзяцца ў стане падвышанай гатоўнасьці. Нагодай для гэтага сталі, у прыватнасьці, выбух на брытанскім заводзе боепрыпасаў BAE Systems у красавіку і пажар на бэрлінскім заводзе зброевай кампаніі Diehl у траўні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG