Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы заявіў, што ня будзе накладваць вэта на абноўленыя абмежаваньні для беларусаў і расейцаў


Гітанас Наўседа
Гітанас Наўседа

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ня будзе накладваць вэта на абноўлены закон аб абмежавальных мерах у дачыненьні да грамадзян Беларусі і Расеі, паведамляе LRT.

Сваё рашэньне кіраўнік гэтай балтыйскай дзяржавы аргумэнтаваў тым, што ў выпадку вэта «маецца шанец, што гэтыя санкцыі ўвогуле перастануць дзейнічаць».

«Менш за ўсё ў цяперашняй сытуацыі я б хацеў, каб мы аслабілі нашы санкцыі ў дачыненьні да гэтых дзвьюх недружалюбных краін», — заявіў журналістам 3 траўня Наўседа.

У той жа час прэзыдэнт папракнуў Сэйм у тым, што той «дагэтуль не знайшоў у сабе волі аднолькава трактаваць грамадзян Беларусі і Расеі».

25 красавіка літоўскі парлямэнт падоўжыў да 2 траўня 2025 году абмежавальныя меры за ваенную агрэсію супраць Украіны, якія тычацца грамадзян Беларусі і Расеі. Папраўкі ў адпаведны законапраект, якія прадугледжвалі пазбаўленьне беларусаў дазволу на жыхарства за частыя паездкі на радзіму, не былі падтрыманыя падчас некалькіх слуханьняў.

Згодна з абноўленым дакумэнтам, працягнецца практыка выдачы віз беларусам на падставе хадайніцтва МЗС. Памежнае ведамства атрымлівае права самастойна вырашаць, ці трэба дадаткова правяраць грамадзян Беларусі, якія ўяжджаюць у краіну (ня тычыцца членаў сем’яў грамадзян Літвы і ЭЗ, маракоў, міжнародных грузаперавозчыкаў і інш.). Забараняецца імпарт беларускай і расейскай сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў (дакладны пералік вызначыць урад).

  • Закон аб абмежавальных мерах, зьвязаны з парадкам уезду і легалізацыі ў Літве, набыцьця нерухомасьці ды іншымі пытаньнямі, быў прыняты ў красавіку 2023 году. На этапе разгляду дакумэнт быў значна зьмякчаны ў дачыненьні да беларусаў, большасьць санкцый закранула расецаў.
  • Тады Наўседа наклаў на закон вета і прапанаваў парлямеэнту ўраўнаць санкцыі для беларусаў і расейцаў. Сэйм адхіліў вета і зацьвердзіў дакумэнт без прапановаў кіраўніка дзяржавы. Палітык сваю пазыцыю не зьмяніў, але на восеньскую сэсію парлямэнту пытаньне пра ўніфікацыю абмежавальных мер ня вынес.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG