Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычныя сілы Беларусі і Эўрапарлямэнт падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве


Рабэрта Мэтсала і Сьвятлана Ціханоўская. Мальта, 3 траўня 2024
Рабэрта Мэтсала і Сьвятлана Ціханоўская. Мальта, 3 траўня 2024

Ліст аб намеры супрацоўніцтва падпісалі старшыня Эўрапейскага парлямэнту Рабэрта Мэтсала і кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Сьвятлана Ціханоўская 3 траўня ў Валеце.

У пагадненьньні паміж Эўрапейскім парлямэнтам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі гаворыцца аб працягу ўмацоўваньня адносін паміж Эўрапейскім парлямэнтам і дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі ў адпаведнасьці з рэзалюцыяй Эўрапейскага парлямэнту ад 13 верасьня 2023 году аб сувязях зь Беларусьсю.

Гэта першы дакумэнт, які замацоўвае супрацоўніцтва дэмакратычных сіл Беларусі з афіцыйным замежным палітычным органам, паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай.

У ёй адзначаецца, што Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі і Каардынацыйная рада павінны разглядацца міжнароднай супольнасьцю як прадстаўнікі народу Беларусі.

Таксама дэкляруецца падтрымка дзейнасьці асноўных палітычных структур дэмакратычнага руху Беларусі ў кірунку эўрапейскага выбару: Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, Аб’яднанага пераходнага кабінэта Беларусі і палітычных партый Беларусі аб эўрапейскіх памкненьнях беларусаў.

У дакумэнце ўказаны агульныя мэты бакоў і кірункі супрацоўніцтва. Згодна з пагадненьнем:

  • Эўрапейскі парлямэнт імкнецца працягваць маніторынг унутранай сытуацыі ў Беларусі, у прыватнасьці парушэньняў правоў чалавека, стану палітычных зьняволеных і іншых асоб, якія перасьледуюцца з палітычных матываў.
  • Кожны з бакоў імкнецца і далей прапаноўваць рэкамэндацыі інстытутам і дзяржавам – сябрам ЭЗ у сэнсе захадаў ва ўзмацненьні ціску на рэжым і падтрымліваць намаганьні дэмакратычнага руху Беларусі ў перадухіленьні пагроз беларускаму сувэрэнітэту, незалежнасьці, нацыянальнай культуры і мове, якія зыходзяць ад наўмысных дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі і нястрымнага палітычнага, эканамічнага, ваеннага і культурнага падпарадкаваньня Беларусі.
  • Бакі таксама імкнуцца садзейнічаць зьмякчэньню міграцыйных праблем для тых беларусаў, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь з палітычных прычынаў.
  • Бакі імкнуцца і далей патрабаваць прыцягненьня да адказнасьці ў рамках існых міжнародных мэханізмаў прадстаўнікоў рэжыму і асоб, адказных за грубыя парушэньні правоў чалавека і злачынствы супраць чалавечнасьці ў Беларусі, а таксама за саўдзел у вайсковых злачынствах і злачыннай агрэсіі супраць Украіны.
  • Бакі імкнуцца падтрымліваць дадатковыя захады інстытутаў і дзяржаў ЭЗ у аказаньні адпаведнай дапамогі дэмакратычным сілам і актывістам грамадзянскай супольнасьці.
  • Група падтрымкі дэмакратыі і каардынацыі выбараў Эўрапейскага парлямэнту імкнецца і далей прапаноўваць мэтавую падтрымку дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасьці Беларусі, выкарыстоўваючы свае дзеяньні і праграмы.

У дакумэнце запісана, што гэтае пагадненьне не абмяжоўвае далейшага супрацоўніцтва Эўрапейскага парлямэнту з усімі элемэнтамі дэмакратычных сілаў Беларусі.

Ліст аб супрацоўніцтве падпісалі старшыня Эўрапейскага парлямэнту Рабэрта Мэтсала і кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Сьвятлана Ціханоўская 3 траўня ў Валеце, сталіцы Мальты.

  • 2-3 траўня Сьвятлана Ціханоўская наведвае Мальту.
  • Гэта першы візыт Сьвятланы Ціханоўскай у гэтую краіну. Ён адбываецца па запрашэньні старшыні АБСЭ і міністра замежных спраў Яна Борга. Акрамя міністра, яна сустракаецца з прэзыдэнткай Мальты Мірыям Сьпітэры Дэбона (Myriam Spiteri Debono), са сьпікерам парлямэнту

    Анджлю Фаруджа і са старшынёй Эўрапейскага парлямэнту Рабэртай Мэтсалай. Ціханоўская абмяркуе зь імі ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне, магчымыя крокі АБСЭ у вызваленьні палітвязьняў, прыцягненьне памагатых рэжыму да адказнасьці, падтрымку дэмакратычных сілаў, супрацоўніцтва паміж ЭЗ і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Таксама Сьвятлана Ціханоўская перадасьць просьбу, каб Мальта падчас свайго старшынства ў АБСЭ падымала пытаньне Беларусі.

  • Мальта ўжо падтрымала апошнюю пастанову Замежнай Рады ЭЗ па Беларусі, якая з аднаго боку заклікае да падтрымкі мабільнасьці беларусаў, а з другога — да працягу ціску на рэжым для вызваленьня палітвязьняў і спыненьня рэпрэсіяў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG