Як паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай, падчас візыту яна, акрамя міністра Яна Борга, сустрэнецца з прэзыдэнткай Мальты Мірыям Сьпітэры Дэбона (Myriam Spiteri Debono), са сьпікерам парлямэнту Анджлю Фаруджа (Anglu Farrugia) і са старшынёй Эўрапейскага парлямэнту Рабэртай Мэтсалай.
Паведамляецца, што Ціханоўская абмяркуе зь імі ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне, магчымыя крокі АБСЭ ў вызваленьні палітвязьняў, прыцягненьне памагатых рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці, падтрымку дэмакратычных сілаў, супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Таксама Ціханоўская зьбіраецца папрасіць, каб Мальта падчас свайго старшынства ў АБСЭ падымала пытаньне Беларусі.
Першыя сустрэчы на Мальце заплянаваныя 2 траўня ў другой палове дня.
Мальта ўжо падтрымала апошнюю пастанову Замежнай Рады Эўразьвязу аб Беларусі, якая, з аднаго боку, заклікае да падтрымкі мабільнасьці беларусаў, а з другога — да працягу ціску на рэжым Лукашэнкі для вызваленьня палітвязьняў і спыненьня рэпрэсіяў у Беларусі.
- У 29 і 30 траўня Ціханоўская знаходзілася зь візытам у Осла, сустракалася, сярод іншага, зь міністрам замежных спраў Нарвэгіі, міністрам культуры, дзяржсакратаром Міністэрства юстыцыі, а таксама правяла сустрэчы ў нарвэскім парлямэнце і прыняла ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі «Word Matter!» («Словы маюць значэньне!») аб барацьбе з мовай варожасьці.
-
Прэм’ер-міністар Нарвэгіі Юнас Стэрэ падчас сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай сказаў, што Нарвэгія ўносіць 10 мільёнаў нарвэскіх крон (850 тысяч эўра) як першы ўнёсак у Міжнародны фонд падтрымкі беларускіх палітвязьняў.
Распараджацца фондам будуць беларускія арганізацыі і ініцыятывы, якія дапамагаюць палітвязьням, паведаміла па выніках сустрэчы ў Осла прэсавая служба Ціханоўскай.
Хто такая Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
- Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
- Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
- За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
- Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
- У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
- Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
- У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
- У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам
Форум